1. Пітэр Пэн уварваўся

Усе дзеці растуць, усе, акрамя аднаго. Яны рана пачынаюць разумець, што калісьці ўсё-ткі вырастуць. З Вэндзі гэта здарылася так. Аднойчы, калі ёй было два гады, яна бавілася ў садзе, збірала кветкі. Нарвала цэлы букет і пабегла да мамы. У той момант дзяўчынка, напэўна, выглядала вельмі міла, бо місіс Дарлінг ахнула ад захаплення і ледзьве не заплакала: “Ну чаму ж ты не можаш застацца такой назаўсёды!” І больш нічога пра гэта не сказала. Але з таго часу Вэндзі ведала: ён наканавана вырасці. Калі табе ажно два гады, сорам такога не ведаць. Два гады — гэта пачатак канца.

Адным словам, яны жылі ў доме нумар 14, і пакуль не з’явілася Вэндзі, усё круцілася вакол маці. Яна была прыгожай і рамантычнай жанчынай з чароўнай усмешкай. Гэтая рамантычнасць нагадвала ўсходнія куфэрачкі, схаваныя адзін у адным: колькі ні адкрывай, унутры ёсць яшчэ. А за чароўнай усмешкай у правым кутку вуснаў хаваўся адзін пацалунак. Пацалунак, які Вэндзі ўжо не дастанецца.

А як яе дабіўся містэр Дарлінг — гэта асобная гісторыя. Многія джэнтльмены, якія былі хлопчыкамі ў той час, як яна была дзяўчынкай, раптам у адзін і той жа дзень зразумелі, што кахаюць яе, і ўсім кагалам пабеглі, каб у гэтым прызнацца. Пабеглі ўсе, апрача містэра Дарлінга, які злавіў павозку і дабраўся першым. Вось так ён яе і заваяваў, толькі да самага глыбокага куфэрачка і таго пацалунку дабрацца не здолеў. Зрэшты, ён ніколі і не ведаў пра апошні куфэрак, а пацалунак… містэр Дарлінг проста стаміўся яго шукаць. Вэндзі здавалася, што калі хто і можа яго дастаць, то толькі Напалеон, але я проста бачу, як ён пнецца, стараецца, ды потым губляе ахвоту і сыходзіць, ляпнуўшы дзвярыма.

Містэр Дарлінг часта выхваляўся перад Вэндзі, што яе маці не толькі кахае, а яшчэ і паважае яго. Ён быў з тых людзей, якія ўсё ведаюць пра акцыі і аблігацыі. Насамрэч усяго пра іх не ведаў ніхто, але ён лічыў, што ведае, і часта казаў: акцыі выраслі, аблігацыі ўпалі, — і казаў гэта неяк так, што любая кінецца паважаць.

Місіс Дарлінг выходзіла замуж яшчэ зусім дзяўчынай. Спачатку яна з радасцю, ледзь не з захапленнем займалася хатняй бухгалтэрыяй, быццам у гульні гуляла, але аднойчы не ўлічыла брусэльскую капусту, а потым і квяцістая пачала прападаць — замест гэтага з’яўляліся малюнкі невядомых дзетак. Яна крэмзала лічбы, а марыла пра дзяцей.

Першай нарадзілася Вэндзі, затым Джон, а пасля Майкл.

Праз пару тыдняў пасля нараджэння Вэндзі было няясна, ці змогуць яны пракарміць яшчэ адзін рот. Місіс Дарлінг страшэнна ганарылася дачкой, але яе муж быў чалавек шчыры: ён сеў на край жончынага ложка, узяў яе за руку і пачаў лічыць выдаткі. Яна ўмольна глядзела на яго, маўляў, рызыкнем, паспрабуем, што атрымаецца, але гэта было не ў ягонай натуры. У ягонай натуры — кавалак паперы ды аловак, а калі яна збівала яго сваімі заўвагамі і прапановамі, ён пачынаў зноў і зноў.

— Зараз не перашкаджай, — прасіў ён. — Так, тут у мяне фунт сямнаццаць, плюс два шэсцьдзесят на працы, ну, магу зэканоміць на каве, гэта, дапусцім, дзесяць шылінгаў, значыць, два… дзевяць… шэсць… плюс твае васямнаццаць… трыццаць… выходзіць… тры… дзевяць… сем… плюс пяць у чэкавай кніжцы, значыць, восем… дзевяць… сем… коска і, калі ласка, сем, дарагая, памаўчы, і яшчэ фунт ты пазычыла суседу, дзіця, не плач, коска, ага, я казаў дзевяць-дзевяць-сем? Так, я казаў дзевяць-дзевяць-сем, пытанне ў тым, ці зможам мы пражыць у год на дзевяцьсот дзевяноста сем.

— Канечне, зможам, Джордж, — упрошвала яна. У місіс Дарлінг было неадступнае жаданне пакінуць Вэндзі, але ў яго быў цвярдзейшы нораў.

— А як жа свінка? — папярэджваў ён так, быццам хвароба ўжо вісела ў паветры, і працягваў: — Свінка — адзін фунт, гэта я цяпер так думаю, але, магчыма, і больш — на трыццаць, скажам, шылінгаў, памаўчы, адзёр — паўтара, краснуха — паўгінеі, выходзіць 2-15-6, не стукай пальцам, коклюш, скажам, 15 шылінгаў, — далей працягваў ён, і кожны раз выходзіла па-рознаму, але Вэндзі пашанцавала: на свінку пайшло 12,6, а краснуха і адзёр лячыліся разам, за адзін кошт.

Тая самая небяспека была і пасля нараджэння Джона, а ў Майкла ўвогуле амаль не было шанцаў, аднак іх абодвух пакінулі. Неўзабаве можна было ўбачыць, як яны ўтраіх, пад пільным вокам нянькі, ідуць у садок міс Фулсам.

Місіс Дарлінг любіла, каб усё было дагледжана, а містэр Дарлінг — каб было як ува ўсіх, таму яны, безумоўна, нанялі няньку. Аднак яны былі небагатыя — бо даводзілася купляць шмат малака для малых, і за няньку быў строгі ньюфаўндлэнд з мянушкай Нэна. Дагэтуль Нэна была нічыйнай, але заўсёды ведала, што дзеці — гэта вам не проста так. Дарлінгі пазнаёміліся з ёй у Кенсігнтанскім садзе, дзе Нэна бавіла большасць вольнага часу, назіраючы за дзецьмі ў вазках. За гэта яе не любілі нядбайныя нянькі: яна праводзіла іх дадому і магла паскардзіцца на іх гаспадыням. О, яна была цуд, а не нянька. Вы б бачылі яе падчас купання малых, а ўначы яна прачыналася ў любую хвіліну, калі нехта з яе выхаванцаў хоць крышку пачынаў румзаць. Натуральна, яе будка была ў дзіцячым пакоі. Яшчэ ў яе быў талент вызначаць, калі дзіця кашляе проста так і лячыць яго не трэба, а калі варта закруціць горла старой потнай шкарпэткай. Яна заўсёды верыла ў народную медыцыну, кшталту лістоў рэвеню, і з пагардай рыкала, калі чула навамодныя размовы пра мікробаў і ўсё такое. Добрым прыкладам майстэрства выхавання была дарога дзяцей у садок: вось яна чынна крочыць побач — значыць, тыя добра сябе паводзілі, а вось яна вядзе іх строем аднаго за адным — значыць, малыя насваволілі. Калі ў Джона быў футбол, яна ніколі не забывала прыхапіць швэдар, а на выпадак дажджу звычайна несла ў зубах парасон. У садку міс Фулсам, унізе, быў спецыяльны пакой для нянек, дзе можна было чакаць выхаванцаў. Там яны ўсе і сядзелі, адзіная розніца — яны на лавах, а Нэна на падлозе. Яны рабілі выгляд, што яе няма, перадусім праз яе нізкі статус у грамадстве, а яна, у сваю чаргу, ігнаравала іх пустыя размовы. Нэна не любіла, калі сяброўкі місіс Дарлінг раптам заходзілі ў дзіцячы пакой, але калі такое здаралася, яна хуценька нацягвала на Майкла свежы фартушок, папраўляла прычоску Вэндзі і тут жа кідалася да Джонавых кучараў.

Лепшай нянькі і быць не магло, і містэр Дарлінг выдатна гэта разумеў, хаця часам і турбаваўся, што кажуць суседзі. Ён дбаў пра рэпутацыю, бо як-ніяк меў пэўнае становішча ў горадзе.

Нэна непакоіла містэра Дарлінга яшчэ і таму што, часам яму падавалася, што яна яго недалюблівае. “Ну што ты, яна ад цябе ў захапленні, Джордж”, — пераконвала місіс Дарлінг і падміргвала дзецям, каб тыя былі асабліва ласкавымі з бацькам. Тады пасля бывалі дзівосныя танцы, тут далучыцца дазвалялі нават Лізе, адзінай служцы ў доме. У доўгай спадніцы і каптуры, якія насілі пакаёўкі, яна выглядала маленькай, быццам карлік, хаця калі яе наймалі, то бажылася, што ёй больш за дзесяць гадоў. Гэта былі вар’яцкія танцы! І весялей за ўсіх скакала місіс Дарлінг, вырабляючы такія шалёныя піруэты, што можна было прыкмеціць той самы пацалунак, а калі ў гэты момант трапіцца ёй на дарозе, то можна было нават атрымаць яго. Гэта была самая шчаслівая сям’я на свеце, пакуль не з’явіўся Пітэр Пэн.
(Узята з http://www.prajdzisvet.org/kit/116-piter-pen.html)


Водгукі


 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Рэжым працы:

    Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 47.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)

  • Пішыце нам: