• Бутэвіч Анатоль. Пацалунак на фоне гор

    7.20 руб.

    0
    Лонг-ліст прэміі Гедройца — 2017

    Жыццё бывае такім размаітым і нечаканым, што не паверыш часам у яго праявы. Гэтыя апавяданні пра тое, што здзівіла і зачапіла аўтара, што змусіла яго неабыякавымі вачыма зірнуць на вакольны свет і на нас з вамі ў ім. Аўтар верыць, што ўсё ў жыцці пачынаецца з Кахання і Любові. У гэтым намагаецца пераканаць і свайго чытача. А яшчэ ён верыць, што свет складаецца з дзівосаў, парадоксаў і нечаканасцяў. Прачытайце прапанаваныя апавяданні і задайце сабе пытанне: «Ці ўмею я кахаць, радавацца жыццю і смуткаваць? Ці магу здзіўляцца непаўторнай прыгажосці нашага свету? Ці магу падзяліцца самым таемным з іншымі?» І тады зразумееце: самае цяжкае на гэтым свеце — проста быць чалавекам.

    Жанр Апавяданні
    Выдавецтва Мастацкая літаратура
    Год выдання 2014
    Колькасць старонак 190
    Вокладка цвёрдая
    Памеры 135х210 мм
    ISBN 978-985-7165-12-4


    Тэгі: , .Катэгорыі: , , , .

Анатоль Бутэвіч — беларускі пісьменнік і дыпламат. Нарадзіўся ў 1948 годзе. Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). Працаваў рэдактарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва (1971—1973), намеснікам рэдактара газеты «Чырвоная змена» (1975—1979), дырэктарам рэспубліканскага выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1986—1987). Старшыня Дзяржаўнага камітэта па друку (1990—1992), міністр інфармацыі (1992—1994), міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь (1994—1996). У 1996—1998 — Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. У 1998—2000 Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Румыніі. У 2001—2009 — саветнік старшыні Банка міжнароднага гандлю і інвестыцый.

Пацалунак

Сэрца хватанула нечакана і моцна. Сціснула так, што не дыхнуць. Аж свет здаўся з аўчынку. Як бы ў паветры раптоўна знік кісларод.

Так было ўжо некалі. Вельмі даўно. Сцяпан тады быў малады. Толькі што пасля арміі. Не захацеў вяртацца ў бацькаву хутарскую хату, дзе і без яго дзяцей як маку. Завербаваўся на шахту. Падахвоцілі сябры. Паехалі на Данбас. Казалі, заробкі там добрыя. Але як вераб’ю не стаць ластаўкай, так чалавеку, чые продкі звекавалі ў працы на зямлі, не звыкнуцца з падземным зарабляннем грошай. Ён прывык пры сонцы араць, касіць, сеяць, жаць. Гэта ён умеў, гэта яго. А вось каб калупацца ўнутры зямлі — не ляжала душа. Ён жа не доктар.

Ды характар у Сцяпана быў цвёрды, як сухі гарох. Не любіў адступацца. Вырашыў: «Калі не навучуся з зямлёй спраўляцца, не я буду. Дамоў не вярнуся, бо засмяюць. Слабаком назавуць». А гэта для Сцяпана горш за смерць…

Дабіўся свайго. Пакрысе, праз крывавыя мазалі, пераадольваючы ўнутраны супраціў. Неўзабаве шахцёрам сталі называць, грамату нават пад Кастрычніцкае свята далі. Мо і застаўся б Сцяпан там, грошы добрыя, кампанія сяброўская. Прывыкаць стаў да новых мясцін. З дзяўчатамі мясцовымі на лад пайшло. Ды раптам здарылася непрадбачанае. Аварыя на шахце. Праўда, і да гэтага рознае бывала, шмат хто калекам заставаўся, а некаму не пашчасціла больш жыццём цешыцца. Сцяпана пакуль што Бог шкадаваў. І на табе…

У забоі адбыўся выбух. Змену заваліла пародай. Вось тады Сцяпан напоўніцу спазнаў удушша. Ты хаўкаеш ротам, як рыба, намагаешся напоўніць лёгкія, а яны не могуць разгарнуцца. Міжволі крычыш, але ніхто цябе не чуе, нават сам сябе.

Сцяпан страціў прытомнасць. Гэта яго і ўратавала. Бо тыя, хто яшчэ мог нешта рабіць, кінуліся разграбаць завал. Відаць, парушылі раўнавагу, і парода абрынулася зноў. Ратаўнікі паднялі іх на паверхню ўжо нежывымі. Сцяпана адхадзілі. Хапіў надземнага паветра, ажыў. Дыхаў так часта, што, здавалася, бярэ ў запас.

Пасля гэтага Сцяпан пачаў баяцца глыбіні. Як толькі ўзгадае пра забой, пачынаецца ўдушша. Яго адпусцілі. Вярнуўся на свой хутар. Пайшоў у калгас. Проста ў брыгаду. Як жартаваў, быў старшым, куды пашлюць. Але шахта яшчэ доўга не адпускала. Часам прачынаўся ноччу і бег да акна: паветра ўхапіць, каб у грудзях палягчэла. Аднак нездарма характар гарохавы быў. Перамог і гэтую бяду. Працай заглушыў.

А тут акурат пачалося вялікае ссяленне з хутароў. З палявых прастораў і ўзлескаў адасобленых людзей кучкавалі — перавозілі ў перспектыўныя вёскі.

Спатрэбіліся печнікі. Сцяпан трохі валодаў гэтай нязвыклай у іхняй сям’і справай — у арміі набіў руку. Паспрабаваў дапамагчы аднаму сваяку, другому.

Атрымалася.

Пагалоска пра Сцяпанава ўмельства пабегла па навакольных вёсках. Просьбаў было столькі, што каб працаваў нават ноччу, усё адно не ўправіўся б. А яшчэ ж і ў калгасе трэба мінімум вырабіць, бо на сходзе пясочыць будуць. Праўда, старшыня злітаваўся, падтрымаў людскія просьбы. Дазволіў Сцяпану займацца толькі печамі. Працаваў так, што ажно жылы трашчалі. Але людзі былі задаволеныя. Ні разу не падвяла ніводная печ, ніводную перарабляць не давялося. Сцяпанавым цяплом саграваліся многія.

Неўзабаве ажаніўся. Узяў маладую даярку з суседняй вёскі. Высокая, паўнацелая і нябрыдкая. Даспадобы прыйшлася Сцяпанавай сям’і. Ягоная маці вельмі хваліла нявестку. Калі задумалі свой дом будаваць — вядома, у вёсцы, маці ўгаварыла аддаць Сцяпану частку гумна. Даўнейшае смаловае бярвенне было як звон, прыдалося на хату. Светла, прасторна, а неўзабаве і голасна — спачатку ад сына-першынца, а пасля і ад дзвюх дачок было ў ёй.

Зося аказалася не толькі працавітая, але і гаспадарлівая. Хата трымалася на ёй. Бо Сцяпан за чужымі печамі не бачыў ні свят, ні Каляд, не ведаў ні выхадных, ні прахадных. Працаваў як вол. Грошы, і вельмі добрыя, аддаваў Зосі. Тая траціла іх з розумам, адкладвала ў запас. Калі ж Сцяпан загадаў не скупіцца — бо прападуць, так людзі дасведчаныя кажуць, — купілі халадзільнік, тэлевізар. Ажно два веласіпеды. А праз нейкі час першымі ў вёсцы і машыну прыдбалі.

Сёй-той мо і зайздросціць пачаў. Ведама, чужое багацце вока коле. Невядома чаго пачала праяўляць камандныя ноткі і Зося. Сцяпан спачатку аджартоўваўся, што на каровах некалі натрэніравалася, як на ферме працавала. Але іскра, укінутая ў хату, тлела. Часам і ад яе хапала куродыму. Для іншых жа яны жылі па-ранейшаму зладжана і працавіта.

Ды нечага непрыкметнага, але так патрэбнага ў сямейным жыцці, стала бракаваць. Штораз, то ўсё больш. Разважаць, што знікае, Сцяпану не было калі. Ён па-ранейшаму ўлягаў у працу.

Сам старшыня не аднойчы хваліў. Але вось граматы, як некалі ў шахце, Сцяпан ад яго не атрымаў ні разу.

Грошы цяклі ў кішэню няспынна. Ужо і сыну, які ажаніўся і ў суседнюю вёску пераехаў, хату збудавалі. Не хату, а сапраўдны дом — цагляны. Сам Сцяпан і будаваў. Прыхваткамі, пасля печаў. То калі-нікалі ў нядзелю, то позна вечарам. Дзівіліся людзі: нейкі двухжыльны гэты Сцяпан. Усюды паспявае. А вясковыя жартаўнікі з хітрынкай пакеплівалі:

— Не, не ўсюды. Дзе-нідзе адпачывае, бо знясіліўся…

Што яны мелі на ўвазе, Сцяпана мала турбавала. Пасля працы ледзь дабіраўся да ложка. Чуйная Зося заўважала, што за ноч ні разу пружына пад ім не рыпне, спіць, як пшаніцу прадаўшы. Дзе тут ужо да кахання-мілавання. Пра пацалункі і тыя даўно забыліся. Адно Сцяпан, калі падап’е часам, нейкую незразумелую прымаўку паўтарае:

— Трудна, Зося, так прыйшлося.

— Ідзі ты са сваімі балаболкамі, — адпрэчвае тады жонка. — І так галаву задурыў. Дай спокуй…

— Добра-добра… Я і даю, — згаджаўся Сцяпан. — Але не спокуй, а грошы.

Скажы, у каго яшчэ столькі на кніжцы? Не скажаш. Бо адно ў Сцяпана твайго. А ты касірам стала. Як у калгаснай канторы. Ужэ і мне на пляшку шкадуеш. Шкадуй-шкадуй, мяне людзі і напояць, і накормяць, калі захачу. От так… Але мне ўсяго хапае…

Сям’я трымалася на Сцяпанавай працы ды грашах. Зося па-ранейшаму калупалася ў градах. Дзеці паразыходзіліся па сваіх сем’ях. Кожнаму справілі не адно абстаноўку, але і аўто.

І тады нечага вельмі важнага стала не хапаць у сваёй нязвыкла маўклівай хаце. Часцей пачала сварыцца Зося. Нават без дай прычыны. Знешне то ўсё як бы заставалася па-ранейшаму. Праца, гаспадарка, дом, пасцель. Але пасцель для сну. Спаў без задніх ног. Адно ў сне пальцамі варушыў, нібыта гліну перабіраў, каб каменьчык які не трапіў, бо тады не спаркуецца цагліна з цаглінай.

— Ведай: печ павінна моцна на зямлі стаяць, — любіў паўтараць Сцяпан. — Каб на вякі. Каб усе казалі: Сцяпанава работа!

Стома адбірала ўсе эмоцыі.

Сцяпан пачаў папіваць, але Зося прыстрашыла:

— Калі не перастанеш, кіну. Дальбог, кіну і да сваіх на Украіну паеду. Паглядзіш…

— Едзь, вялікая мне бяда, — храбрыўся Сцяпан. — Як пабудзеш без грошай, то
сама прыляціш.

Казаць то казаў, але ў самога нешта трымцела, каб і праўда не заартачылася Зося. Яна такая, на ўсё здатная.

Але час улагоджвае ўсе беды. Калі пайшлі ўнукі, Зося пеклавалася над імі, як квактуха над куранятамі. Сцяпану, які з печамі больш не важдаўся, таксама весялей стала. Грошай не шкадавалі ні дзецям, ні ўнукам.

Жыццё кацілася, як купальскае кола з гары. То з падскокам, то кулялася, то падала. Але ўсё дагарала і дагарала…

Неўзабаве Сцяпан зразумеў, што за плячыма ўжо больш, чым перад вачыма. Пазіраў на пакручаныя вузлаватыя пальцы, спрабаваў выпраміць спіну, тупаў балючымі ў каленях нагамі, але адчуваў, што былой сілы ўжо няма.

— Знасіўся, — казаў ён кожнаму пры нагодзе. — Печам сілу параздаваў…

Мо хацеў, каб пашкадавалі. Але ў кожнага і сваіх бед хапае, не час з чужымі разбірацца. А да Сцяпана ўсё часцей прыходзіла разуменне, што не дзеля грошай жаніўся, сям’ю заводзіў. Так жыццё пакіравала. Дзе, у чыёй печы замураваў сваё каханне? Ён і сам не ведае. Гатоў быў хоць усе печы па цаглінцы разабраць, абы толькі вярнуць той светлы і памятны час першых сямейных гадоў. Каб ажыло захапленне жыццём, каханнем, Зосяй… Хоць і надгаладзь жылі некалі, ды ўспамінаецца ўсцешна. Але як не саскочыць рыбе з патэльні ў раку, так не мог і Сцяпан вярнуць пражытае.

Калі ўжо вельмі даймаў сваімі крыўдамі, Зося казала:

— Не адно ты такі. Я таксама во ледзь хаджу. Скурчыла. Свінні з каровамі давялі…

Часам даходзіла ўжо да бойкі. А гэтага пад ложкам не схаваеш. Суседзі дзівіліся: чаго гэта людзі падурэлі? Ад грошай бесяцца. Чаго ім не хапае? Ад дабра дабра не шукаюць. Самі ўсё маюць, дзеці дагледжаны. Унукі прыязджаюць то з Баранавіч, то з Клецка.

Але як чужая душа — цёмны лес, так чужое ўмяшанне — не лякарства.

Мірыць Зосю са Сцяпанам не збіраліся. Хоць часам перад Зосяй пачыналі хваліць Сцяпана, што майстравіты і працавіты. До-обры мужык, галавасты. А яна тады злосна адказвала:

— Ат, завала. Заваліў рукі, што і не выпрастаеш…

Хто са шкадаваннем, а хто з радасцю назіралі: што ж далей будзе.

Дачакаліся. Сцяпана схапіла сэрца. Затахкала, зачасціла, як матор, які не заводзіцца.

«Гэта шахта мяне даганяе», — скрушна падумаў Сцяпан, і яго ажно жаль працяў.

Прыскочыў сын, каторы бліжэй, пераапрануў Сцяпана ў чыстае і ў Нясвіж на сваёй машыне паімчаў.

— Дурны, — казала пасля Зося. — А каб не дай Бог па дарозе што сталася? Трэба было «хуткую» выклікаць.

Але давёз. Там адразу ў рэанімацыю паклалі. Праз два дні палепшала, а пасля перавялі ў агульную палату. Туды і з’явілася Зося. Нечакана. Сцяпану яшчэ не дазвалялі ўставаць, і ён ляжаў дагары. То пазіраў у столь, то навальвалася дрымота.

Не заўважыў, як увайшла Зося. Кінулася да ложка. Валюхалася на хворых нагах, як качка, але бегла, калі гэта можна было назваць бегам.

— Я тут, Сцяпан… я тут, — паўтарала раз за разам. — Ой, Сцяпанка мой, як схуднеў, бедны, — падышла да ложка, падняла галаву мужа і моцна ашчаперыла за шыю.

Сцяпан і ўцяміць не паспеў, што адбываецца. А Зося падняла яго, пасадзіла, абняла і цалавала. То ў вочы, то ў шчокі, а пасля ў губы. Сцяпан не ведаў, што рабіць. Адштурхнуць — пакрыўдзіш жонку. Прыгарнуць — адвык. Ды і сілы нехта адабраў. Сэрца збілася з рытму, паляцела некуды ўніз. Ён сілком падняў рукі і паклаў на плечукі жонкі. Як бы абняў яе.

А ў Зосі слёзы гарохам па рудых ад загару шчоках. Сцяпан намагаўся вылузацца з абдымкаў, але дзе ты справішся з дзябёлай і ўсё яшчэ дужай жонкай.

— Не абслюньвай ты мяне, — адно паспеў прамовіць. — А то слязамі заліла. Кашуля мокрая…

Калі ўжо добра нацалавалася, паспела выказаць мех шкадаванняў, вохканняў і пажаданняў, Зося нечакана прамовіла:

— Я пайду ўжэ, бо доктар дасць прачуханца.

І пакуль Сцяпан няўцямна пазіраў на яе, нічога не разумеючы, патлумачыла:

— У бальніцы я. Тут. На другім паверсе. Ціск падскочыў… Кажуць, крыз нейкі…

Забралі ўслед за табой, — і павалюхалася да дзвярэй. — Я зайду яшчэ. Я буду часта заходзіць…

— Не хадзі… калі ціск, — казаў Сцяпан наўздагон, але Зося была ўжо за дзвярыма.

Сцяпан павярнуўся да суседа.

— Бачыў? — прамовіў і моўчкі пазіраў у твар. Трымаў паўзу. — А ў цябе жонка ёсць? — спытаў нечакана.

— А як жа…

— А твая такая, як мая Зося? Бачыш, якая… якая… — і не знайшоў з кім альбо з чым параўнаць. — Бачыш, як цалуецца? Як маладая… От так… — пахваліўся Сцяпан, а ў самога ажно падбародак дрыжаў.

Сэрца ж нечакана зайшлося, стала так мілосна-млосна, што на вочы наплыла мокрая плямка, засланіла зрок.

Сцяпан крактануў і лёгка апусціўся на падушку.


Водгукі


 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Рэжым працы:

    Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 66.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)

  • Пішыце нам: