Шасцісотстаронкавая авантурна-меладраматычная эпапея «Надбярэзінцы», упершыню выдадзеная ў 1942 годзе ў Буэнас-Айрэсе, мае аўтабіяграфічны характар і апавядае пра лёс жыхароў шляхецкіх засценкаў паміж Бярэзінай і Дняпром у 1911 — 1920 гадах і складаныя этнічныя ды палітычныя стасункі на гэтых землях. У рамане фігуруюць Бабруйск, Жлобін, Бялынічы, а асноўнае дзеянне адбываецца на прасторах сучаснага Клічаўскага раёну Магілёўскай вобласці, у вёсцы Смалярня і мястэчку Вонча, правобразы якіх цяпер актыўна шукаюць краязнаўцы. Раман жывапісуе побыт шляхецкага засценку ва Ўсходняй Беларусі пачатку ХХ стагоддзя, а таксама пралівае святло на малавядомыя беларусам старонкі гісторыі, звязаныя ў тым ліку з дзеяннямі на Бабруйшчыне ў 1918 г. Першага польскага корпуса, якім камандаваў генерал Юзаф Доўбар-Мусніцкі.
Кніга атрымала надзвычай высокія водгукі ад польскіх інтэлектуалаў на эміграцыі. Нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш ставіў «Надбярэзінцаў» у адзін шэраг з «Панам Тадэвушам» Адама Міцкевіча і «Патопам» Генрыка Сянкевіча, а Міхал Крыспін Паўлікоўскі называў твор Чарнышэвіча «эпасам засцянковай шляхты», наўпрост параўноўваючы яго па сіле гучання з «Ціхім Донам» Міхаіла Шолахава.
Нягледзячы на ўхвальныя водгукі, у часы ПНР раман заставаўся невядомым на тэрыторыі Польшчы, у першую чаргу праз яго выразную антыбальшавіцкую скіраванасць, і толькі таму, як мяркуецца, не замацаваўся ў каноне польскай літаратуры ХХ стагоддзя. Упершыню ў Польшчы раман быў надрукаваны ў 1991 годзе. І вось нарэшце «Надбярэзінцы» робяцца даступнымі чытачам у Беларусі як частка вялікай справы па «рэпатрыяцыі» польскіх літаратараў беларускага паходжання, да якіх належаць таксама Сяргей Пясэцкі і Тадэвуш Далэнга-Мастовіч.
«Хапіла адной старонкі, каб я падпаў пад наркатычнае ўздзеянне гэтай кнігі і праглынуў нагбом без малага 600 старонак вялікага фармату», — пісаў Чэслаў Мілаш, характарызуючы «Надбярэзінцаў» як надзвычай вострасюжэтнае чытво. Але сёння многія жыхары Польшчы не могуць прачытаць раман без дапамогі зносак, колькасць якіх часам дасягае дзесяці на старонку. Невыпадкова мастак і пісьменнік Юзаф Чапскі, назваў мову рамана «словатворчай, звонкай, напалову беларускай». Пераклад твора на сучасную беларускую мову стварыў унікальную сітуацыю, калі жыхары сённяшняй Беларусі, падобна Мілашу, могуць без асаблівых перашкодаў сачыць за захапляльным сюжэтам. Ювелірную працу па абеларушчванні Чарнышэвіча выканалі перакладчыцы-паланісткі Кацярына Маціеўская, Алена Пятровіч, Марына Шода і Ганна Янкута. Грунтоўную прадмову, якая знаёміць з кантэкстам прыгодаў надбярэзінца Стаха Балашэвіча і яго таварышаў, напісаў гісторык Аляксандр Пашкевіч.
www.instpol.by

(1900 — 1964). Нарадзіўся на Бабруйшчыне. Належаў да дробнай засцянковай шляхты. У 1924 годзе проз складаныя жыццёвыя абставіны эміграваў у Аргентыну, дзе пражыў рэшту жыцця. цяжка працуючы на мясабойні. Аўтар чатырох раманаў:”Надбярэзінцы” (Nadberezyricy, 1942), “Віцёк Жывіца” (Wicik Żywica, 1953), “Лёс пасынкаў” (Losy pasierbow, 1958) i “Хлопцы з Навашышак” (Chłорсу z Nowoszyszek, 1963).

Водгукі


Чытач
Васіль
Январь 3, 2018

Вельмі цікавая кніга. Дэтальна апісывае жыцце шляхты і стасункі засценкавай шляхты.

 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 47.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)

  • Пішыце нам: