АПОВЕСЦІ
Ксю
Сузіральнік
АПАВЯДАННІ
Cахалінка
Шчасце
ЭСЭ
Манголія
Пташнікаў

І.
Аляксей Дарафей, ці Леанід Дарафей (у пашпарце і ў ваенным білеце ён пісаўся Аляксей, а людзі, у тым ліку і родная маці, звалі яго Лёня: чамусьці сярод беларусаў распаўсюджана такая блытаніна) — дык вось, у гэтага Леаніда-Аляксея па прозвішчы Дарафей пачала кепска заводзіцца яго «Кіа». Пасля працы ён заехаў у райцэнтр на станцыю тэхнічнага абслугоўвання. Знаёмы механік пакалупаўся і сказаў, што трэба мяняць стартар, назваў суму — восемдзесят даляраў, але ў Мінску на аўтарынку ці ў Ждановічах такія самыя — па трыццаць. Так што калі Дарафей не лянуецца і мае час, прасцей самому з’ездзіць у Мінск. «А я за дзякую пастаўлю…» — «Дзякую ў шклянку не нальеш», — адказаў Дарафей. Ён падумаў і вырашыў ехаць. Не таму, што шкада стала пяцьдзясят даляраў, грошы ў яго былі: крыху даляраў на чорны дзень, крыху еўра; ляжалі беларускія на пластыкавай картцы і на банкаўскім рахунку. Проста даўно не быў у сталіцы, засумаваў па ёй. А тут такая нагода. Электрычкі цяпер хуткасныя, раніцай туды, удзень назад. Да таго ж ён, як чыгуначнік, меў магчымасць бясплатнага праезду раз на год у любы куток Беларусі і яшчэ ні разу гэтым правам не скарыстаўся.

Ён узяў адгул, папярэдзіў маці, што яго не будзе паўдня, і паехаў у Мінск. У першым жа павільёне аўтазапчастак на Ждановічах знайшоўся новенькі, у змазцы, стартар. Да электрычкі хапала часу. Дарафей пакатаўся ў метро, выйшаў на плошчы Перамогі. Пасля падземкі востра, прыемна пахла свежаскошанай травой з газонаў. Стаяў май, свяціла ранішняе сонца, ехала палівальная машына і мыла вуліцу. Высокія кусты белага бэзу цвілі буйнымі суквеццямі — кіпелі, а не цвілі. Дарафей паволі крочыў ад метро ў парк, разглядваючы капоты і зады прыпаркаваных машын, дзівячыся, якіх толькі марак не бывае. Раптам ён уздрыгнуў ад рэзкага сігналу. Азірнуўся. Белы «Лексус» асцярожна зарульваў на вузкае вольнае месца паміж машынамі. І за тую долю секунды, пакуль адчыняліся дзверцы, Дарафей зразумеў (прадчуванне часта абганяе зрок), што сігнал адрасаваны яму, і ўжо ведаў, каго зараз убачыць.

«Не можа быць!» — падумаў ён, узіраючыся ў лэдзі, якая выйшла з машыны. А яна ўжо ішла да яго — нерашуча, збянтэжана, вінавата і міла ўсміхаючыся, ва ўсім белым: сукенка, адкрытыя загарэлыя плечыкі, белая сумачка, белыя туфлі. На шыі блішчэў срэбны ланцужок.

— Ты пазнаеш мяне?

— Ксю…

Яна абняла яго моцна за шыю, прытулілася і абсыпала твар пацалункамі.

— Як даўно мяне так не звалі! Гэта ж колькі часу мінула!..

(Канец фрагменту)


Федарэнка Андрэй нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Бярозаўка Мазырскага раёна. Скончыў Мазырскі палітэхнікум, Мінскі інстытут культуры, служыў у Савецкай Арміі, працаваў у часопісах “Полымя”, “Маладосць”, на кінастудыі “Беларусьфільм”, цяпер – у часопісе “Дзеяслоў”. Аўтар дзесяці кніг прозы, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа за кнігу «Смута» (1995).

Водгукі


 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 47.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)