

Жанр | Мастацкая проза |
Выдавецтва | Кнігазбор |
Год выдання | 2018 |
Вокладка | мяккая |
Памеры | 125х200 мм |
Колькасць старонак | 144 |
ISBN | 978-985-7207-42-8 |
Ён узяў адгул, папярэдзіў маці, што яго не будзе паўдня, і паехаў у Мінск. У першым жа павільёне аўтазапчастак на Ждановічах знайшоўся новенькі, у змазцы, стартар. Да электрычкі хапала часу. Дарафей пакатаўся ў метро, выйшаў на плошчы Перамогі. Пасля падземкі востра, прыемна пахла свежаскошанай травой з газонаў. Стаяў май, свяціла ранішняе сонца, ехала палівальная машына і мыла вуліцу. Высокія кусты белага бэзу цвілі буйнымі суквеццямі — кіпелі, а не цвілі. Дарафей паволі крочыў ад метро ў парк, разглядваючы капоты і зады прыпаркаваных машын, дзівячыся, якіх толькі марак не бывае. Раптам ён уздрыгнуў ад рэзкага сігналу. Азірнуўся. Белы «Лексус» асцярожна зарульваў на вузкае вольнае месца паміж машынамі. І за тую долю секунды, пакуль адчыняліся дзверцы, Дарафей зразумеў (прадчуванне часта абганяе зрок), што сігнал адрасаваны яму, і ўжо ведаў, каго зараз убачыць.
«Не можа быць!» — падумаў ён, узіраючыся ў лэдзі, якая выйшла з машыны. А яна ўжо ішла да яго — нерашуча, збянтэжана, вінавата і міла ўсміхаючыся, ва ўсім белым: сукенка, адкрытыя загарэлыя плечыкі, белая сумачка, белыя туфлі. На шыі блішчэў срэбны ланцужок.
— Ты пазнаеш мяне?
— Ксю…
Яна абняла яго моцна за шыю, прытулілася і абсыпала твар пацалункамі.
— Як даўно мяне так не звалі! Гэта ж колькі часу мінула!..
(Канец фрагменту)