• Гарнуся душою да слова. Пераклады Ніны Мацяш

    16.10 руб.

    0

    У гэтай кнізе Ніна Мацяш – самабытная паэтэса і перакладчыца – адкрывае непаўторны свет украінскай паэзіі. Беларускай мовай гучыць паэтычны перазоў душ таленавітых творцаў. У перастварэннях Ніны Мацяш – галасы блізкіх ёй па духу ўкраінскіх аўтараў. Гэта слова любові да сваёй зямлі, слова шляхетных постацяў нацыянальнага Адраджэння, якіх яднае ў прасторы і часе воля, годнасць, незалежнасць. Гэта ўкраінска-беларускі перазоў, у якім – высокая духоўнасць і высокая паэзія.

    Жанр Вершы
    Выдавецтва Выдавецкі дом «Звязда»
    Год выдання 2013
    Колькасць старонак 296
    Вокладка цвёрдая
    Памеры 145х220 мм
    ISBN 978-985-7059-64-5


    Тэгі: , , , , , .Катэгорыі: , , .

Зборнік украінскай паэзіі.

Як спявала Ніна Мацяш!.. Пракаветная народная песня – дарагая
палеская, матчына, беларуская, украінская – нараджалася ў таямнічых
глыбінях і ўздымалася голасам Ніны Мацяш на такую высокую і чыстую
вышыню, што кожны, хто слухаў яе, не мог не здзіўляцца: адкуль бярэцца
такая сіла і вышыня, такая раскаванасць і вольнасць яе голасу, а ў ім –
суладнасць, лагода і гойнасць матчынага слова, матчынага сэрца, а ў ім –
трывушчасць і светласць сэрца Ніны, яе душы, што праз самоту, боль і
гаркоту, расчараванне і адчай выпраменьвала дабрыню і спагаду, суцяшэнне
і спадзеў на паратунак чалавека праз Красу, праз гожае Слова. «Давермася
найлепшаму ў сабе», «раскрыймася найлепшым у сабе» – запрашае-раіць
паэтка. І голасам душы сваёй, сілай роднага Слова адкрывае нам паэзію
ўласнуюі далучае да паэзіі блізкіх ёй па душы, па духу творцаў. Самабытным
і непаўторным голасам Ніны Мацяш агучаны паэтычныя творы еўрапейскіх
паэтаў, сярод якіх – украінскія класікі і сучаснікі.
Выбар асобаў і твораў невыпадковы. У пасляслоўі да зборніка
перакладаў «Перабіраю самацветы» паэтка акрэслівае свой выбар,
прыводзячы словы Алеся Разанава: «Усё, што кранае мяне, падобнае на
мяне. Вось чаму пераклад у маім творчым высілку мае роўны статус з
уласным вершаскладаннем». Тарас Шаўчэнка, Лэся Украінка, Аляксандр
Гаўрылюк, МаяЛьвовіч, ЛінаКастэнка, ПятроМах, ВасыльГэй, Аляксандра
Кавалёва, Валадымір Барна, Ніна Горык загучалі голасам Ніны Мацяш,
гарманічна ўключыліся ў тое «поле роднасці душ», дзе жыве Яе Вялікасць
Паэзія – «той бессмяротны дотык да душы». І ў ХХІ стагоддзі гучыць так
надзённа перастворанае па-беларуску Нінай Мацяш слова Кабзара – слова
любові да нэнькі-Украіны, адгукаецца мелодыя жывога ўкраінскага слова,
мелодыя, лад украінскае мовы, душа і доля ўкраінскага народа. Душу
беларускую кранаюць запаветы-звароты Тараса Шаўчэнкі – над імі не
мае ўлады час і прастора. Кранаюць душу «слёзы-перлы» Лэсі Украінкі,
«вястункі ўкраінскага Адраджэння, украінскага самасцвярджэння ў свеце,
вяснянкі ўкраінскае душы». Воля, годнасць, незалежнасць адгукаюцца
ў пераствораных па-беларуску вершах і яднаюць дзве нязломныя і
мужныя таленавітыя постаці – аўтарку і перакладчыцу – Лэсю Украінку
і Ніну Мацяш. Годныя дочкі сваёй зямлі, сваёй Радзімы-Бацькаўшчыны,
выяўляюць боль і тугу за зняволены родны край.
Ніна Мацяш адчувае бязмежжа мастацкага свету іншага аўтара,
адчувае ў іншым часе і прасторы родную душу, блізкую па духу «зорку»
і адкрывае шляхетныя постаці нацыянальнага ўкраінскага Адраджэння.
Душою і голасам Ніны Мацяш загучала паэзія Ліны Кастэнкі, гістарычны
раман «Маруся Чурай». І голас Марусі Чурай – голас і душа ўкраінскага
народа – суладна зліўся з голасам таленавітых паэтак – годных і
няскораных, мужных і нязломных. У эсэ «Мая Кастэнка» Ніна Мацяш
уводзіць чытача ў лабараторыю перакладчыка, адкрывае сваё разуменне
яе паэзіі, захапляецца музыкай мастацкага слова ўкраінскай паэткі і
паказвае складанасці перакладу з блізкароднасныхмоў. Гэта своеасаблівы
майстар-клас Ніны Мацяш – перакладчыцы, адкрыццё таямніцаў творчай
супрацы з аўтарам арыгінальнага твора, гэта і адкрыццё багацця роднага
слова, і пошукі таго адзіна адпаведнага, якое дазволіць захаваць і рыфму,
і рытм, сэнс і вобраз, і самае галоўнае – духасэнс твораў. Творчы почырк
Ніны Мацяш – перакладчыцы суадносіцца з пазіцыяй Алеся Разанава:
«У перакладзе вершаў належыць ісці за тым, за чым ідуць яны самі:
перакладаць не словы і не строфы, а тое, што «перакладаюць» яны,
вершы, – сэнс, гукасэнс, духасэнс». Падчас працы над перакладам
«Марусі Чурай» Ніна Мацяш ператварылася ў «фальклорную русалку»,
якую завабіла неўтаймоўная і чароўная стыхія рамана, захапіла і не
адпускала сіла інтэлекту і эмоцыі аўтаркі арыгінальнага твора і яго
непаўторнай гераіні – Чураёўны… Стыхія ўкраінскага мастацкага слова
скарылася таленавітай перакладчыцы, і раман гэтак арганічна набыў
беларускае дыханне і загучаў – глыбока, напружана-драматычна і
лірычна-высока, і перазоў стаўся годны, адпаведны выдатным паэткам.
Як лёс, як Душа народная.
Ніна Мацяш адчула душой і сэрцам і здолела перастварыць на
беларускую мову боль, трагедыю чалавека, творцы, выяўленыя ў паэме
Аляксандра Гаўрылюка «Песня з Бярозы» і ў аповесці «Бяроза». Так
адкрыла сваім землякам драматычную старонку з гісторыі роднае зямлі
праз лірычны і мужны аповед вязня канцэнтрацыйнага лагера «Бяроза
Картузская», здолела перадаць «лірычную мужнасць» твора і творцы.
Ніна Мацяш – перакладчык-сутворца – была і застаецца паслом
беларускага слова ў дарагой ёй Украіне. Дарагімі былі стасункі з Маяй
Львовіч – самабытнай паэткай і перакладчыцай. Верш Маі Львовіч
«Пераклад», пераствораны Нінай Мацяш на беларускую мову, адкрывае
тое агульнае, што яднае іх у поглядах на пераклад. У гэтым творы
зліваюцца галасы дзвюх сутворцаў:
Паэце, дзякую за верш.

Ён твой, у ім звініш ты ўвесь.
Ды ў ім – і я, ды ён – і мой.
…..
Хоць мы з табою – розных моў,
Твой верш азвацца раптам змог
Маёй і радасцю, й журбой,
Маёй мелодыяй жывой.

Голас Ніны Мацяш так адметна гучыць у беларуска-ўкраінскіх
валынскіх перазовах. Асабістае знаёмства з валынскімі пісьменнікамі,
супольныя творчыя сустрэчы на Валыні і Берасцейшчыне былі дзейснай
выявай культурнага супрацоўніцтва, дыялогу дзвюх духоўна і гістарычна
блізкіх краін і культур. Па-беларуску загучалі ў перастварэнні Ніны
Мацяш Васыль Гэй, Пятро Мах, Валадымір Барна. Знакам удзячнасці ад
украінскіх пісьменнікаў стала кніга «Вічний корінь душі» – пераклады на
ўкраінскую мову лірыкі Ніны Мацяш. Міжнародная прэмія імя Грыгорыя
Скаварады – высокае прызнанне-ацэнка працы Ніны Мацяш у развіцці
беларуска-ўкраінскіх культурных сувязяў. Паэзія Аляксандры Кавалёвай,
напоўненая мудрым спазнаннем свету, таямнічай прасторы Космасу і
чалавека – неаддзельнай ягонай часцінкі, – вельмі сугучная з творчасцю
самой перакладчыцы. Нараджаецца адчуванне, як быццам гэта напісана
самой Нінай Мацяш. Тут і светла-мудры погляд на свет, тут і прыгожае
адкрыццё мілых вобразаў роднай зямлі, і лірызм, і філасофская глыбіня,
і зажурана-светлая мелодыя слова. Нават афарыстычнасць мастацкага
слова, такая характэрная для Ніны Мацяш:

Мудрым бачна ўсё, што тлу не падлягае, чаго Хронас не з’ядае…
Усё перашаткуе часу моль, а ўзмах крыла павек не стане тленам.
Усе мы ў кроплі бурштыновай.

Далікатным, чыстым святлом сагрэты перазовы Ніны Мацяш і Ніны
Горык. Для перакладу паэтка выбрала дзіцячыя вершы, а ў іх – столькі
мудрасці аўтаркі, столькі шчырасці і непасрэднасці чыстай дзіцячай
душы. Душы, што ўключаецца ў гэты непаўторны навакольны свет, што
спазнае прыцягальнасць, сілу і моц роднай зямлі ў вандроўцы на дзедавай
гойданцы ад зямлі аж да сонца, у спазнанні повязяў свайго роду: «…на
нітачцы радаводу я – маленькі вузлік».
Мелодыя ўкраінска-беларускіх перазоваў гучыць адметна ў
шматгалоссі моў свету – гучыць у ёй мелодыя душы. І ў нябеснай высокай
прасторы «над берагамі вечнае ракі» ажывае і напаўняецца гарманічным
суладдзем колераў паэтычная вясёлка, лучыць-яднае берагі беларуска-
ўкраінскіх творчых стасункаў, і ў гэтым шматфарбным і вечным сугалоссі
гучыць непаўторны голас Ніны Мацяш. І ў вясёлкавых колерах галасоў,
што гучаць у нябеснай прасторы, – голас мужных і таленавітых, вольных
і незалежных – Чураёўны, Мацяшоўны… Гэта голас з глыбіні стагоддзяў.
Гэта гучыць Слова…
Марыя Новік


Водгукі


 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Рэжым працы:

    Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 47.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)

  • Пішыце нам: