Раман «Валошкі на мяжы» прысвечаны жыццю Заходняй Беларусі ў міжваеннае дваццацігоддзе ва ўмовах польскага санацыйнага рэжыму. Тэма не новая, калі ўспомніць творы М. Танка, П. Пестрака, Я. Брыля, А. Бутэвіча і іншых, але аўтар «Валошак на мяжы» знаходзіць новыя падыходы, меру праўдзівасці і рэалізму ў паказе сваіх герояў, іх жыцця, імкненняў, ахопе псіхалогіі (і біялогіі!) чалавека і тых абставінаў, у якіх ён знаходзіцца. Раман выразна адлюстроўвае асабістасці менталітэту, нацыянальнай свядомасці беларускага народа, тое, што фарміравалася на працягу многіх гадоў сацыяльна-эканамічным і палітычным становішчам гэтага краю.
Нарадзіўся ў 1937 г. у вёсцы Кругель Камянецкага раёна. Скончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут і аспірантуру імя Янкі Купалы АН БССР.
Працаваў у апараце ЦК КПБ, намеснікам дырэктара і дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы.
Аўтар літаратуразнаўчых прац «Іван Мележ. Нарыс творчасці», «Янка Купала. Жыццё і творчасць», раманаў «Уліс з Прускі», «Вяртанне».
Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Калесніка і прэміі НАН Беларусі. Доктар філалагічных навук, акадэмік.