У першым разьдзеле «Прывід даўніх Крэсаў» зьмешчаны вялікі аднайменны нарыс, у якім Юрый прасочвае гісторыю свайго роду на працягу ўсяго шалёнага і крывавага ХХ стагодзьдзя — зь яго войнамі, пагромамі, бальшавіцкімі закалотамі і перасоўваньнямі дзяржаўных межаў.
У другім разьдзеле кнігі «Краiна нязьдзейсьненых мараў» сабраныя найбольш значныя эсэ Юрыя, якія датычаць асноўнай справы яго жыцьця – літаратуры і перадусім літаратурнай суполкі Таварыства Вольных Літаратараў. Бадай, ключавым тэкстам тут зьяўляецца эсэ, прысьвечанае гісторыі ТВЛ.
Завяршаецца зборнік разьдзелам, прысьвечаным мастакам роднай Гародні.

Дызайн Яўгеніі Багдановіч. На вокладцы выкарыстана карціна Сяргея Рымашэўскага.


«Краіна нязьдзейсьненых мараў», Юры Гумянюк
“Максымальна рэалізавацца ў дадзеным часе і прасторы”. Алесь Аркуш (Прадмова)

I. Прывід даўніх Крэсаў
Прывід даўніх Крэсаў

II. Краіна нязьдзейсьненых мараў
Краіна нязьдзейсьненых мараў
“Калосьсе” як люстра жыцьця
Візуальная тэрапія памяці (Эсэй пра Андрэя Пяткевіча)
Рамантычны фюрэр паэзіі (Эсэй пра Славаміра Адамовіча)
Выкараскацца з багны

III. Яснавяльможны пан каменнай вежы
Інэрцыя правінцыі як гарадзенскі фэномэн
Яснавяльможны пан каменнай вежы


Доўгі час я думаў, што галоўны літаратурны ўнёсак у беларускую літаратуру сябры Таварыства Вольных Літаратараў (ТВЛ) зрабілі ў жанры паэзіі. Дастаткова назваць трох паэтаў, якія стаялі ля вытокаў ТВЛ – Славамір Адамовіч, Юры Гумянюк і Юрась Пацюпа. Прычым апошнія два пазыцыянавалі выключна як паэты. Чыстым празаікам у таварыстве быў толькі Вінцэсь Мудроў. Праўда, можна згадаць, што Юры Гумянюк яшчэ напачатку 90-х рабіў спробу напісаньня раману. Першая частка «Апосталаў Нірваны» зьявілася ў 1995 годзе ў тэвээлаўскім часопісе «Калосьсе» (№2-3). Другая так і ня трапіла ў друк. Ходзіць легенда, што заключная палова «Апосталаў Нірваны» існавала, але недзе згубілася ў архівах аўтара (пра гэта я чуў ад самога Юры). Але калі раман быў напісаны, чаму Юра яго не надрукаваў? «Калосьсе» ж спраўна выходзіла да канца 90-х. Магчыма, другая частка не была завершана і Юра ўсё адкладаў і адкладаў дарабленьне свайго празаічнага «цьвіка». Цяпер ужо пра гэта яго не спытаеш. Будзем спадзявацца, што «рукапісы не гараць» і мы яшчэ зможам прачытаць «Апосталаў Нірваны» цалкам.

А пакуль прапаноўваем увазе чытачоў яго зборнік нарысаў і эсэ. У кнігу трапіла далёка ня ўсё, што напісаў у гэтым жанры Юры Гуменюк. Я паспрабаваў укласьці зборнік канцэптуальна.

У першым разьдзеле «Прывід даўніх Крэсаў» зьмешчаны вялікі аднайменны нарыс, у якім Юра прасочвае гісторыю свайго роду на працягу ўсяго шалёнага і крывавага ХХ стагодзьдзя — зь яго войнамі, пагромамі, бальшавіцкімі закалотамі і перасоўваньнямі дзяржаўных межаў. Гэты твор друкаваўся цягам году на старонках падляскага беларускага штомесячніка «Czasopis» (з №10, 2004 па №10, 2005). Напачатку новага стагодзьдзя Юра ўсур’ёз зацікавіўся сваім радаводам. Ён скрупулёзна вывучыў сямейны архіў – карэспандэнцыю, дакумэнты, дзёньнік дзеда па кудзелі Івана Сарокі. Увесь гэты матэрыял ён творча выкарыстаў у напісаньні «Прывіду даўніх Крэсаў». Аўтар палічыў сваім абавязкам зафіксаваць на паперы жыцьцярысы сваіх старэйшых сямейнікаў. Яшчэ ў маладосьці Юра на ўласныя грошы ўсталяваў вялікі двухмэтровы белы крыж на магіле свайго дзеда Іосіфа Гуменюка, якога вельмі любіў і лічыў сваім першым жыцьцёвым настаўнікам. У 2005 годзе побач зь дзедам быў пахаваны бацька Юры — Ігар Гумянюк. А 23 студзеня 2013 года там знайшоў спачын і сам паэт.

У другім разьдзеле кнігі «Краiна нязьдзейсьненых мараў» сабраныя найбольш значныя эсэ Юры, якія датычаць асноўнай справы яго жыцьця – літаратуры і перадусім літаратурнай суполкі Таварыства Вольных Літаратараў. Бадай, ключавым тэкстам тут зьяўляецца эсэ, прысьвечанае гісторыі ТВЛ. Гэты тэкст паўстаў у 2003 годзе. Ён друкаваўся таксама ў штомесячніку «Czasopis» і быў напісаны з нагоды 10-годзьдзя літаратурнага згуртаваньня. «З упэўненасьцю можна сьцьвердзiць, што ТВЛ — ужо набытак айчыннай гiсторыi, адзiн з важных элемэнтаў “Новай культурнай сытуцыi”», — напісаў Юра ва ўступным слове да ўспамінаў пра суполку. У эсэ ён распавядае пра розныя дасягненьні ТВЛ – ад выданьня часопіса «Калосьсе» да наладжваньня міжнародных літаратурных канфэрэнцый; ад уручэньня штогадовай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» да выпуску кніг тэвээлаўскай выдавецкай суполкай «Полацкае ляда». Ёсьць у гэтым разьдзеле і два эсэ пра сяброў-паэтаў – Андрэя Пяткевіча і Славаміра Адамовіча. З Андрэем Пяткевічам Юра быў у адной студэнцкай літсуполцы «Верш-гурт Дыяген». Пяткевіч рана пайшоў з жыцьця — у 28-гадовым узросьце (1995), эсэ «Візуальная тэрапія памяці» прысьвечаная сябру. Напісаў Юра і пра ўлюбёны часопіс, якому аддаў столькі фізычных і эмацыйных сілаў. «Мара майго ўзьнёсла-рамантычнага юнацтва пра прыгожы літаратурна-мастацкі часопіс, вакол якога згуртаваліся б сябры й калегі-аднадумцы, зьдзейсьнілася…» — так пачынаецца эсэ ««Калосьсе» як люстра жыцьця», якое было напісана ў якасьці спавешчаньня для трэцяй тэвээлаўскай канфэрэнцыі «Праблемы разьвіцьця і станаўленьня недзяржаўнага пэрыядычнага друку», што праходзіла ў Полацку 1-2 лістапада 1996 года. Па выніках канфэрэнцыі эсэ друкавалася ў літаратурна-філязофскім дадатку за газэты «Культура» «ЗНО» (10-16.12.1996). Ну і зусім унікальная публікацыя – інтэрвію для часопіса «Крыніца». Сёмы нумар «Крыніцы» за 1995 год быў прысьвечаны асобе і творчасьці Юрыя Гуменюка. Падобныя публікацыі называліся «Постацямі» і прысьвячаліся найбольш выбітным пісьменьнікам. Такім чынам гэта было прызнаньнем творчага таленту маладога гарадзенскага паэта рэдакцыйным калектывам выданьня, на чале якога стаялі Уладзімер Някляеў і Алесь Разанаў. У нумары друкаваліся вершы Юры і артыкулы крытыкаў і пісьменнікаў пра аўтара. Публікацыя пачыналася вялікім інтэрвію з героем нумара, якое ўзяў вядомы паэт і тагачасны супрацоўнік «Крыніцы» Леанід Галубовіч. У ім паэт распавёў пра сваё разуменьне творчасьці, пра гісторыю стварэньня ТВЛ і свае жыцьцёвыя арыентыры. Упершыню Юра выразна і ўпэўнена агучыў асноўную задачу сяброў ТВЛ: «Мы нічога не зьбіраемся адмаўляць і разбураць. Наша задача – максымальна рэалізавацца ў дадзеным часе і прасторы, не зважаючы ні на што».

Завяршаецца зборнік разьдзелам, прысьвечаным мастакам роднай Гародні. У дзяцінстве Юра любіў маляваць, у студэнцкія часы захапляўся імпрэсіяністамі. Магчыма, ён мог бы стаць мастаком, бо выяўленчае мастацтва яго сур’ёзна вабіла, а Гародня заўжды была багатая на майстроў пэндзля і алоўка. Найбольш паэт любіў творчасьць графіка Юрыя Якавенкі і жывапісца Сяргея Грыневіча. Творамі Якавенкі ён аздобіў адзін з нумароў часопіса «Калосьсе». Юра сябраваў з многімі мастакамі — любіў размаўляць зь імі пра творчасьць, пра знакамітых майстроў, пра тэндэнцыі ў мастацкім сьвеце. І шмат пісаў пра мастацтва – рэцэнзіі на выставы, замалёўкі пра асобных творцаў. У выніку, назапасіўшы вялікі матэрыял, ён напісаў нарыс «Інэрцыя правінцыі як гарадзенскі фэномэн», які быў надрукаваны ў беластоцкім літаратурным беларускім часопісе «Правінцыя» (№1-2, 2000). У гэтай рэчы ён падрабязна апісаў мастацкае жыцьцё Гародні напачатку ХХІ стагоддзя.

З эсэістычнай і публіцыстычнай спадчыны Юрыя Гуменюка можна ўкласьці і выдаць яшчэ не адну кнігу. Мне, напрыклад, бачыцца кніга выключна пра літаратуру, пад вокладку якой можна сабраць рэцэнзіі на кнігі калег, Юравы спавешчаньні на літаратурных канфэрэнцыях, іншыя матэрыялы. Нават у самых невялікіх газэтных нататках Юру ўдавалася сказаць штосьці істотнае, заўважыць нешта такое, што было бачнае толькі яму.

Выказваю падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай кнігі Аляксандру Максімюку і Наталі Герасімюк. ~Алесь Аркуш



Беларускі паэт, празаік, паляніст.
Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, аддзяленьне паляністыкі. Сябра Таварыства вольных літаратараў, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Аўтар шматлікіх кніг паэзіі і раману «Апосталы нірваны» («Калосьсе», № 2-3, 1995). Працаваў загадчыкам літаратурнай часткі Гарадзенскага тэатру лялек, карэспандэнтам газэты «Пагоня», сталы аўтар беластоцкага штомесячніка «Czasopis». Працаваў для Беларускай службы Польскага Радыё для Замежжа і для польскага беларускамоўнага Радыё Рацыя.
Жыў у Горадні.

Водгукі


 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Рэжым працы:

    Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 66.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)

  • Пішыце нам: