Крытыкі называюць “Вайзэра Давідзіка” чароўным мітам дзяцінства, або тонкім гістарычным раманам. А некаторыя шукаюць і знаходзяць у ім біблійныя алюзіі. І сапраўды – там ёсьць габрэйскі хлопец, што танчыць і левітуе пад гукі флейты Пана, поглядам утаймоўвае драпежнікаў і ратуе ад зьнішчэньня вужакаў. Ёсьць яго пасьлядоўнікі Шымон, Пётр і Павел, якія пасьля зьнікнення Давідзіка пішуць па загадзе дырэктара школы кожны свой варыянт падзеяў, што адбываліся тым летам. Ёсьць адданая яму дзяўчынка Элька ў чырвонай сукенцы. Ёсьць розныя прыкметы – „кары егіпецкія”- і адчуваньне катастрофы. А яшчэ ў гэтай кнізе ёсьць проста Гданьск, апісаны чалавекам, які вельмі любіць свой родны горад і ў кожнай сваёй кнізе апавядае пра яго. ~Марына Шода
Я помню першы сказ: «Давід не гуляўся з намі ў вайну, бо ягоны дзед не дазваляў яму такіх гульняў». Ці не такім сказам павінная пачынацца кніга пра Вайзэра? Бо яго першы выбух, які мы бачылі ў лагчыне за стрэльбішчам, гэта не была гульня ў вайну. Я дагэтуль ня ведаю, навошта Вайзэр рабіў гэтыя выбухі, навошта яны яму былі патрэбныя, але калі ўбачыў, як ўзлятае ў неба блакітны фантан пылу, ужо тады адчуваў, што рэч не ў вайне. Вайзэр да кожнага зараду дадаваў фарбавальнік, і калі дэтанацыя разрывала зямлю, у паветра ляцеў каляровы слуп. Першы раз выбух быў блакітны.