• Гапеева Вольга. Прысак і пожня + CD

    7.50 руб.

    Кніга паэзіі ад Вольгі Гапеевай, дзе можна знайсьці сур’ёзныя разважаньні і занатоўкі, быццам зробленыя дзіцячай рукой. Тут удумлівасьць і наіўнасьць не супярэчаць адна адной, а ўзаемадапаўняюцца, ствараючы непаўторны сьвет вобразаў, куды хочацца зьбегчы разам з аўтаркай і чакаць там зьяўленьня новых вершаў. Для аматараў выбітнай і інтэлектуальнай паэзіі.

    Больш за тое, ёсьць унікальная магчымасьць — пачуць вершы ў выкананьні самой аўтаркі, да кнігі прыкладаецца кампакт-дыск, дзе размешчаныя выбраныя вершы і пяць музычна-паэтычных трэкаў, выкананых сумесна з музыкам Уладам Бубнам.

    Жанр Паэзія
    Выдавецтва Логвінаў
    Год выдання 2013
    Колькасць старонак 60
    Вокладка мяккая
    Памеры 165х165 мм
    ISBN 978-985-562-025-0


    Тэг: .Катэгорыі: , , , , .

Слоўнік самоты
Лія Кісялёва
(рэцэнзія на кнігу “Прысак і пожня”)

Калі чытаеш гэтую кнігу, найперш думаеш пра мора, яго тут вельмі шмат, але яно тут — міраж, мроіва, увасабленьне фрустрацыі. Яшчэ думаеш, што, калі б гэтая кніга была ежай, гэта быў бы круасан: крохкі, бязважкі звонку, усярэдзіне крыху лёгкай, няліпкай слодычы. Калі б гэтая кніга была зьверам — не, зьверам наўрад ці; можа, птушкай — маленькай, не стракатай і не крыклівай. Калі б гэта была расьліна, то — сьвятаяньнік: дробныя жаўтлявыя кветачкі, якія адганяюць злых духаў, лякуюць раны (у тым ліку душэўныя), у вялікіх дозах — атрута. Калі б гэтая кніга была сымптомам хваробы, гэта мог бы быць трывожны нэўроз (бубонная чума задушлівых перанаселеных гарадоў бяз выхаду да мора): крыху фобіяў, трошкі дэпэрсаналізацыі, апантанасьць інтраспэкцыяй (я люблю гэтае слова, яно прыўкраснае, і да таго ж яго ня ўсе ведаюць).

Вользе Гапеевай таксама вядома шмат словаў, якія ня ўсе ведаюць. Нават назва ейнай кнігі, мякка кажучы, ня кожнаму па зубох. Гапеева наогул любіць словы — і пародзістыя, калекцыйныя, і беспародныя, шэра-паласатыя, і свае, і прыблудлыя — песьціць іх, шкадуе, бавіцца зь імі. Нават падлічвае, каб ніводнае не згубілася (гл. верш “ваўком прабягаю па вуліцах гэтага гораду…” — ясная справа, такія падлікі выдае кампутар, але чамусьці ўсё адно здаецца, што тут гэта рабілася ўручную).

І словы наўзаем любяць і шкадуюць Вольгу Гапееву. І адкрываюць ёй свой галоўны сакрэт: што яны — толькі словы, і калі доўга-доўга бавіцца зь імі, яны расслабляюцца й скідаюць зь сябе ўсю мішуру, усё, што называецца сэнсамі й значэньнямі, і яны паўстаюць тым, чым ёсьць, — род, лік, склон, ну ці, напрыклад, спражэньне. І гэткая магічная апэрацыя — лепшы за святаяньнік сродак ад злых духаў і трывожных нэўрозаў: названы, праскланяны, праспраганы — значыцца, абясшкоджаны. Таму ў гэтай кнізе (прынамсі, у першай ейнай частцы, якая называецца “Пожня”) такое мноства, так бы мовіць, лінгвістычных мэтафараў, калі існае й няіснае застывае на паперы філялягічнымі тэрмінамі: займеньнікі раўнуюць адзін да аднаго, непрыкаянасьць вымяраецца граматычным родам, а боль — формаю дзеяслоўнага часу. Гэтак у першай частцы кнігі. А ў другой, якая называецца «Прысак», больш мэтафараў, якія можна азначыць як цялесныя. Як і ў першай частцы, дзе Гапеева раз-пораз вызваляе словы ад усяго непатрэбнага, лішняга, тут яна таксама не задавальняецца тым, што ў целе напаказ, звонку, — і тым, што ўважаецца за значэньні й сэнсы целу. Тут пераважаюць косьці, вантробы й нешта накшталт пухлінаў. Праўда, тут яшчэ багата валосься, кілямэтры, кіляграмы валасоў. Чаму для іх робіцца выключэньне й яны гасьцінна прымаюцца ў кумпанію касьцей і вантробаў, гіпатэтычна можна зразумець, але пэрспэктыва дадумваць гэтую думку да канца выклікае асабіста ў мяне штосьці накшталт трывожнага нэўрозу. Зрэшты, косьці, вантробы, валасы — гэта толькі словы… І, калі словы ў Гапеевай вельмі цялесныя, матэрыяльныя, то целы — бясплоцевыя, эфэмэрныя, фантомныя. Яны замкнёныя самі на сабе, амаль ня здатныя ўзаемадзейнічаць зь іншымі целамі. Значна лягчэй ім, як усім фантомам, самім ператварыцца ў іншае цела — гэта можа быць цела ваўка (гл. верш “ваўком прабягаю…”, мядзьведзя (гл. “бярлог твайго цела адшукаць давялося запозна…”), сабакі (гл. п’есу “The Portrait of the Artist as a Young Bitch”) і нават цела кнігі (гл. “маналёг адной кніжкі”).

Цела кнігі “Прысак і пожня” мае такую ж зьменлівую, няпэўную, ваўкалакавую прыроду. На першы, павярхоўны, погляд, гэтыя тэксты хочуць здавацца — у тым ліку інтанацыйна, рытмічна й нават архітэктанічна — гранічна шчырай, месцамі надрыўнай споведзьдзю. Яны напускаюць на сябе падманлівую вонкавую форму чагосьці вінтажнага, а-ля Confessional Poetry, Сыльвія Плат, Эн Сэкстан… Але ўжо на другі павярхоўны погляд становіцца відавочна, што гэта аптычная ілюзія, міраж. І чыстасардэчнае прызнаньне перакідаецца ў адстароненасьць, адчужанасьць, замкнёнасьць. Вядома, ня толькі таму, што шчырасьць як высьветлілася ня робіць нікога шчасьлівай яна робіць цябе шчырай і праз тое слабой… Ня толькі таму, а перадусім таму, што словы адкрылі Гапеевай свой галоўны сакрэт. І ёй вядома, што яны — ня толькі надзейны прытулак, утульная схованка, але й вязьніца.

Таму ў гэтай кнізе прачытваецца ня столькі парыў штосьці выказаць і ня прага быць пачутай і зразумелай, а нешта накшталт канстатацыі прынцыповай праблематычнасьці паразуменьня ўвогуле. І таму ў рэшце рэшт гэтая кніга — накіды да слоўніка самоты.

P. S. Калі мне прапанавалі напісаць штосьці пра гэтую кнігу, я сказала: “Паспрабую паспрабаваць”, але падумала — нічога не атрымаецца, бо, калі б гэтая кніга была падобная да мяне, я была б зусім іншая. Аднак мы з гэтай кнігай папрыглядаліся адна да адной, і вось, напісалася — 745 словаў,

але гэта
толькі словы і можна зь імі рабіць што заўгодна
крыўдзіцца
радавацца
не заўважаць
ці вывучыць іх на памяць
і калі ты чытаеш — я ёсьць толькі словы
за якімі стаіць ня нейкі сэнс
а ўсяго толькі
адзін
звычайны чалавек
якіх болей няма
і якіх так шмат


пожня
> дарогаю быць цяжка
> я цалую вецер з разьбегу
> ты дзесьці далёка
> паэма “мэтро”
> схаваная пад кронай твайго сэрца
> і ты крычыш і я крычу
> я ўхапілася за струны чужой душы
> калі будзеш стаяць на прыпынку боль свой
> паэма “фінскае гета”
> вось так а палове на першую
> Няправільны Ліст
> горад, куды я так не хацела ехаць
> after-мосэкэ
> я — воля
> і панядзелак, i мора
> бясконцыя карцінкі ў галаве

прысак
> бярлог твайго цела адшукаць давялося запозна
> ёсьць такія краіны
> калі б я жыла ў годзе 1908
> п’еса „The Portrait of the Artist as a Young Bitch”
> што было зроблена прынесла праклён мне
> ў табе як у забытым фотаатэлье
> толькі што скошанай травой
> казка пра эстонскую дзяўчынку
> ваўком прабягаю па вуліцах гэтага гораду
> параўнальны аналіз траекторыі падзеньня лісьця…
> маналёг адной кніжкі
> два сабакі
> напэўна гэта зялёны колер тваёй курткі
> словы якіх няма
> так
> плуг мой застраг
> часам здараецца

CD
вершы

1. дарогаю быць цяжка
2. я цалую вецер з разьбегу
3. паэма “мэтро”
4. я ўхапілася за струны чужой душы
5. вось так а палове на першую
6. горад, куды так не хацелася ехаць
7. я — воля
8. i панядзелак, i мора
9. бясконцыя карцінкі ў галаве
10. бярлог твайго цела адшукаць давялося запозна
11. ёсьць такія краіны
12. калі б я жыла ў годзе 1908
13. п’еса „The Portrait of the Artist as a Young Bitch”
14. словы якіх няма
15. плуг мой застраг
16. часам здараецца

музычныя трэкі (альбом “buben vs hapeyeva”; музыка — Улад Бубен)
17. мэтро i вагоны (05:48)
18. там жанчыны маўчаць свае вершы (07:03)
19. батэрфляем (07:03)
20. плюсквампэрфэкт (07:15)
21. плуг (05:25)


Паэтка, перакладчыца, навукоўца. Піша паэзію, прозу, драматургію. Удзельніца шматлікіх міжнародных канферэнцый і літаратурных фестываляў (Славенія, Германія, Чэхія, Літва і інш.). Займаецца літаратурным перакладам (з англійскай, нямецкай, кітайскай моваў) і гендарнай праблематыкай у культуры і літаратуры, а таксама даследаваннямі ў галіне кампаратыўнай лінгвістыкі і сацыялогіі цела (мадыфікацыі і самапашкоджанні). Мае ступень кандыдата навук (кампаратыўная лінгвістыка). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Водгукі


 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 47.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)