Віку Лавэлу,
які сказаў мне, што цмокаў не бывае,
а потым прывёў мяне ў іхныя логавішчы.

…гэты – ў поле, той – на гулі,
гэты – над гняздом зязюлі.
(Зь дзіцячай лічылкі)

ЧАСТКА І

Яны ўжо там.

Чорныя ў белай уніформе падняліся раней за мяне, каб заняцца сэксам у калідоры і прыбрацца, пакуль я іх не засьпеў.

Мыюць падлогу, калі я выходжу з палаты, усе трое змрочныя і злыя на ўсё – на раніцу, на шпіталь, на людзей, побач зь якімі даводзіцца працаваць. Калі яны так ненавідзяць, лепей не трапляць ім на вочы. Крадуся ў кедах уздоўж сьцяны, ціхі, як пыл, але іх адмысловыя чуйныя прыборы ловяць мой страх. Яны падымаюць галовы, усе трое адначасна; вочы на чорных тварах блішчаць колкім сьвятлом радыёлямпаў з-пад панэлі старога прыймача.

– Зыр, братва, Мятла ўжо тут. Доўгая Мятла – Правадыр Вар’ятаў. Давай, Правадыр, варушыся.

Тыц мне ў рукі швабру, паказваюць, дзе сёньня трэба мыць, і я іду. Адзін зь іх вытнуў мяне швабрай ззаду па нагах, каб прысьпешыць.

– Гы, зыр, як чэша. Дылда такі, мог бы яблык куснуць, мне на галаву паклаўшы, а слухаецца, як дзіцёнак.

Сьмяюцца, а потым я чую за сабой шушуканьне, яны стулілі галовы. Гудуць чорныя мэханізмы, гудуць нянавісьць, сьмерць ды іншыя таямніцы шпіталю. Яны не спрабуюць прыцішыць сваіх сакрэтаў, калі я побач, бо думаюць, што я глуханямы. Усе так думаюць. Мне хапае хітрасьці, каб іх надурыць. Калі індзейская палова крыві мне чым і дапамагала ў маім клятым жыцьці, дык тое хітраваць, дапамагала ўсе гэтыя гады.

Мыю падлогу ля ўваходу ў аддзяленьне, калі з другога боку ў дзьверы ўторкваецца ключ. Ведаю, што гэта Вялікая Сястра, бо асяродкавіна замка прылягае да ключа мякка, хутка і спрактыкавана – адчуваецца вялікі досьвед. Сястра ўваходзіць, упускаючы ў памяшканьне холад, замыкае за сабой дзьверы, і я бачу, як ейныя пальцы спаўзаюць па адпаліраванай сталі – пазногці таго ж колеру, што й вусны. Густа-аранжавыя. Нібы кончык паяльніка. Ці то пякучыя, ці то ледзяныя – нельга зразумець, якія, нават калі яна дакранецца да цябе.

Яна нясе лазовы кошык – племя ампкуа прадае такія ля шашы ў гарачыя жнівеньскія дні – кошык з канаплянай ручкай, падобны да скрынкі з інструмэнтамі. Колькі яе памятаю, яна заўсёды зь ім ходзіць. Ён сплецены няшчыльна, і можна пабачыць, што ўнутры. Там няма пудраніцы, памады ці іншых жаночых штучак. Гэты кошык месьціць тысячу розных дэталяў, якія яна хоча сёньня скарыстаць у працы: колцы і шасьцерні, шрубы, адпаліраваныя да жорсткага бляску, маленькія пігулкі, якія зіхацяць, як фарфор, шпрыцы, шчыпцы, абцугі, скруткі меднага дроту…

Яна зьлёгку ківае мне, праходзячы міма. Уціскаюся ў сьцяну, учапіўшыся ў швабру, пасьміхаюся, спрабую як мага больш заблытаць ейныя прыборы, не даю ёй пабачыць маіх вачэй: калі заплюшчыць вочы, пра цябе менш даведаюцца.

У сваёй цемры чую, як ейныя гумавыя абцасы чвякаюць аб кахлю ў калідоры, як брынкаюць рэчы ў кошыку ў такт крокам. У яе цяжкая хада. Расплюшчваю вочы, калі яна ўжо амаль адолела паўкалідору, вось-вось заверне ў Сястроўню, дзе цэлы дзень будзе сядзець за сталом, глядзець у вакно і занатоўваць усё, што адбываецца цягам васьмі гадзінаў у пакоі за шклом. Ад думкі пра гэта яе твар робіцца лагодным і задаволеным.

І тут… Яна заўважае чорных. Тыя ўсё яшчэ стаяць разам, шэпчуцца. Не пачулі, як яна ўвайшла ў аддзяленьне. Цяпер адчуваюць ейны позірк, але позна. Раней трэ было думаць, ці варта гуртавацца і шушукацца перад самым ейным прыходам. Зьбянтэжаныя чорныя твары шугаюць уроссып. Яна прыгінаецца і рушыць на іх – тыя трапілі ў пастку ў канцы калідору. Сястра ведае, пра што яны размаўлялі, бачу: яна гэтак разьюшылася, ажно не кантралюе сябе. Зараз парве чорных вырадкаў на шматкі, гэтак разьюшылася. Яна пачынае разьдзімацца і надзімаецца так, што сьпіна вылузваецца зь белай уніформы, а рукі выцягваюцца, як тэлескапічныя вуды, і цяпер імі можна абхапіць усіх траіх разоў пяць-шэсьць. Яна азіраецца, круціць агромністай галавой. Нікога не відаць, толькі стары Мятла Бромдэн, індзеец-мяшанец, хаваецца за швабру, ён ня можа гаварыць і не пакліча на дапамогу. Таму Сястра ўжо ня стрымліваецца, намаляваная ўсьмешка перакручваецца, расьцягваецца ў адкрыты выскал, а сама яна працягвае расьці, яна ўжо памерам з трактар, такая вялікая, што я адчуваю пах мэханізмаў усярэдзіне, быццам пах рухавіка, які працуе зь перагрузкай. Стойваю дух, думаю – божачкі, гэтым разам яны ня спыняцца! Гэтым разам яны назапасілі зашмат нянавісьці, цераз край, парвуць адно аднаго на шматкі, перш чым самі ўцямяць, што робяць.

Але як толькі яна хапае чорных сваімі тэлескапічнымі рукамі, а тыя пачынаюць поркаць ёй чэрава дзержакамі ад швабраў, з палатаў высыпаюць пацыенты, каб зірнуць, што тут за валтузьня, і Сястра вымушаная набыць ранейшы выгляд, каб яе не пабачылі ў жахлівай сапраўднай сутнасьці. Не пасьпяваюць пацыенты працерці вочы, каб ацаніць гэты вэрхал, – перад імі зноў галоўная мэдсястра, якая роўна ўсьміхаецца, як заўсёды спакойная, і кажа чорным, што нягожа вось так стаяць і тачыць лясы, бо сёньня ж ранак панядзелка і сапраўды трэба шмат зрабіць у першую раніцу тыдня…

– …Панядзелак – дзень цяжкі, вы ж ведаеце, хлопцы…

– Угу, міс Брыдар…

– …і ў нас сёньня даволі шмат працэдураў, так што калі вашая сяброўская размова можа пачакаць…

– Угу, міс Брыдар…

Яна спыняецца і ківае пацыентам, якія падышлі ды пазіраюць на ўсё счырванелымі і апухлымі ад сну вачыма. Надзяляе кожнага кіўком. Дакладны, аўтаматычны жэст. Яе твар гладкі, пралічаны і дасканалы, як у дарагой лялькі-галыша, скура колеру сьвежай эмалі, сумесь белага і крэмавага, ярка-блакітныя вочы, маленькі нос, маленькія ружовыя ноздры – усё спалучаецца, акрамя колеру вуснаў і пазногцяў, а таксама памеру грудзей. На фабрыцы памыліліся, прыладзіўшы гэтыя вялікія, вельмі жаноцкія грудзі да вырабу, які інакш быў бы бездакорным прадуктам. Гэта заўважна яе засмучае.

Народ усё яшчэ стаіць у спадзеве дазнацца, чаго яна ўзьелася на чорных, таму яна прыгадвае, што бачыла мяне, і кажа:

– І паколькі сёньня панядзелак, хлопцы, чаму б нам не пачаць тыдзень на высокай ноце, пагаліўшы беднага містэра Бромдэна першым, а то ў пакоі для галеньня пасьля сьняданку мітусьня будзе. Пабачым, ці можна хоць часткова пазьбегчы… эээ… беспарадку, які звычайна выклікае містэр Бромдэн, праўда?

Пакуль яны паварочваюць галовы, каб паглядзець, дзе я, даю нырца ў каморку для швабраў, рэзка зачыняю за сабой дзьверы і стойваю дух у цемры. Перад сьняданкам – найгоршы час, каб галіцца. Пад’еўшы, ты робісься мацнейшым і больш пільным, і вырадкі, якія працуюць на Камбінат, ужо ня могуць так лёгка падсунуць табе адну са сваіх машынак замест электрабрытвы. Але калі галіцца перад сьняданкам, як яна часам мяне прымушае, – а палове на сёмую раніцы ў пакоі з абсалютна белымі сьценамі і белымі мыйніцамі, і доўгія лямпы на столі не пакідаюць спадзеву ценям, і твары вакол цябе, крычаць, увязьненыя ў люстэрках, – тады якія ты маеш шанцы супраць іхнай машынкі?

Стаю ў каморцы і прыслухоўваюся, сэрца б’ецца ў цемры, а я спрабую адагнаць страх, перанесьціся думкамі ў іншае месца – спрабую думаць пра мінулае, згадаць нешта пра вёску і пра вялікую раку Каламбію, згадаць, як аднойчы мы з Татам палявалі на птушак у кедравым гаі пад Дэлзам… Але, як заўсёды, калі я спрабую вярнуцца думкамі ў мінулае і схавацца там, блізкі страх прасочваецца праз успаміны. Адчуваю, што найменшы з чорных ідзе па калідоры, вынюхвае мой сполах. Разьдзімае ноздры, як чорныя коміны, яго завялікая галава рэзка круціцца сюды-туды, ён уцягвае паветра, смокча страх з усяго аддзяленьня. Ён ужо злавіў мой пах: чую, як чмыхае. Ня ведае, дзе я схаваўся, але прынюхваецца, палюе. Спрабую не варушыцца…

(Тата кажа мне сядзець ціха, бо сабака зьветрыў птушку недзе зусім паблізу. Мы пазычылі пойнтэра ў аднаго знаёмага ў Дэлзе. Усе вясковыя сабакі – нікчэмныя дварнякі, кажа Тата, толькі й могуць, што трыбуху жэрці, гультаі, але гэны сабака тутака – ён мае інстык! Нічога не адказваю, але ўжо бачу на нізкарослым кедры птушку, што скукожылася ў шэры ком пер’я. Сабака бегае вакол камля, бо для яго зашмат паху, каб дакладна паказаць, дзе здабыча. Птушка ў бясьпецы, пакуль яна не варушыцца. Яна даволі добра трымаецца, але сабака ўсё вынюхвае і кружляе, усё гучней і бліжэй. Тады птушка не вытрымлівае, пер’е ўздыбліваецца, і яна выпырхвае з кедра пад зарад Татавага драбавіка.)

Перш чым я пасьпяваю зрабіць дзясятак крокаў ад каморкі, найдрабнейшы з чорных і адзін зь вялікіх хапаюць мяне і цягнуць у галільню. Я не адбіваюся і не раблю шуму. Калі крычыш, табе ж горш. Стрымліваю крык, трываю, пакуль яны не дабіраюцца да скроняў. Ня ўпэўнены, што гэта адна зь іхных машынак, а не электрабрытва, але вось яна дабіраецца да скроняў, і я ўжо не магу стрымацца. Якая ўжо тут можа быць сіла волі. Гэта як… кнопка, яе націснулі, Паветраная Трывога, Паветраная Трывога, мяне ўключылі так гучна, што гэта ўжо ня гук, усе крычаць на мяне, захінаюць рукамі вушы за шкляной сьцяной, вакол кружляюць твары, іх вусны рухаюцца, але гуку няма. Мой гук паглынае ўсе астатнія. Зноў уключаюць туман-машыну, і на мяне пачынае падаць сьнег, халодны і белы, як вяршкі, такі густы, што я нават мог бы ў ім схавацца, калі б мяне не трымалі. Скрозь туман я ня бачу і на дваццаць сантымэтраў, і адзінае, што чую, акрамя ўласнага ляманту, гэта воклічы Вялікай Сястры, якая нясецца па калідоры, зьмятаючы пацыентаў з дарогі плеценым кошыкам. Чую, што яна блізка, але ніяк не магу суняцца. Выю, пакуль яна не прыбягае. Мяне трымаюць, а яна закалочвае мне ў рот кошык з усім зьмесьцівам і прапіхвае яго ўнутр дзержаком ад швабры.

(Ганчак з усяе моцы брэша ў тумане, бегае, спалоханы і разгублены, бо нічога ня бачыць. На зямлі няма сьлядоў, акрамя ягоных уласных, і ён водзіць ува ўсе бакі халоднай чырвонай гумкай носа, але адзіны пах, які ён адчувае, – пах уласнага страху. Страху, які прапякае яго, як пара.)

Мне будзе пячы так сама, калі я нарэшце апавяду пра ўсё гэта: пра шпіталь, пра яе, пра астатніх… і пра Макмэрфі. Я столькі маўчаў, што зараз гэта з ровам пальецца зь мяне, як паводка, і вам падасца, што той, хто расказвае такое, трызьніць і шалее. Божачкі, вам падасца, што гэта надта жахліва, каб адбыцца насамрэч, надта жудасна, каб быць праўдай! Але прашу вас… Мне дагэтуль цяжка захоўваць ясны розум, калі я думаю пра гэта. І ўсё ж яно праўда, нават калі гэтага й не было…
(Узята з http://prajdzisvet.org)


Водгукі


 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Рэжым працы:

    Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 66.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)

  • Пішыце нам: