

Жанр | Раман |
Выдавецтва | Кнігазбор |
Год выдання | 2018 |
Колькасць старонак | 412 |
Вокладка | мяккая |
Памеры | 130×200 мм |
ISBN | 978-985-7207-28-2 |
Няма ў наяўнасці
На думку пісьменніка і літаратурнага агента Томаса Відлінга, «Ноч» – гэта раман, які маскіруецца пад жанравую літаратуру, прыгодніцкую ці фантастычную, але фактычна аказваецца філасофскім творам, поўным уніклівых назіранняў за магічнай паўсядзённасцю Беларусі. Рэальнасць, якая паўстае ў творы, нібыта прыдумана беларускім Муракамі, – мяркуе Відлінг. ~martinovich.by
Ліўрэйны мурын прыадчыніў дзверы ды нізка схіліўся перад маёй спадарожніцай. «Ваш столік чакае!» — падбег да нас Дзін Рыд, — ягоны твар выцягнуўся, калі «міс Пшонка» моўчкі абмінула яго і пайшла поруч са мной наверх. Асветленыя ампірнымі светлавымі шарамі чырвоныя кілімы з узорам трохкутнай каронай, лёгкі джаз, які прыцішана гучыць з дынамікаў. У калідорах «Метраполя» нават пахла так, як некалі ў «Хілтане» і «Рэнесансе».
Адзін мудры чалавек у мінулым жыцці аднойчы сказаў мне: хочаш даведацца пра настрой жанчыны, якая пагадзілася зайсці да цябе пасля спаткання — паглядзі на яе твар, калі адчыняеш дзверы. Магчыма, Дама Карнавалу ведала гэтую показку, бо, пакуль я круціў ключы ў замку, павярнулася да мяне спінай.
Яна зайшла першай, моўчкі дачакалася, калі я зачыню дзверы, і моўчкі ж зняла з мяне сурдут ды кафтан. Рухі яе былі рэзкія, як у матулі, што распранае перапэцканае дзіцё. Пасля па яе плячах прабегла хваля — яна скінула сваё мядовае паліто на падлогу і рушыла ў ванны пакой, не закрываючы за сабой дзвярэй. Адтуль ударыў гук вады і, каб я не падумаў нічога такога, данеслася шорганне волкай туалетнай паперай па тканіне.
Я прайшоў у пакой і пацікавіўся зместам шуфлядак у століках ля ложкаў. Хочаце даведацца, што думае гатэль пра сваіх гасцей, –– зазірніце туды. У гатэлі для спатканняў тут будуць пакінуты прэзерватывы ды інтымны гель, у гасцявым доме для круцялёў з дрэннай крэдытнай гісторыяй — нічога, у іканічным рэсорце для фотак у Instagram — Гідэонаўская Біблія, гід па горадзе, паходны швачны набор ды навошчаная шчотка для абутку.
У люксавым гатэлі Горада Святла швачнага набору, канечне ж, не прадугледжвалася, бо тут мусілі спыняцца джэнтльмены ў бездакорных касцюмах. Замест гіда па горадзе ў вялікай шуфлядзе ляжаў поўны набор карнавальных масак: Баўта, Каламбіна, Марэта, Гата, Вольта ды Dama di Venezia. Замест Гідэонаўскай Бібліі — вялікі зорны атлас, у які я з цікаўнасцю заглыбіўся, ажно пакуль груканне драўніны ў падлогу не паведаміла, што пасцірушкі скончаны.»