Аўтар успамінаў — Павал Каленікавіч Нічыпарук нарадзіўся ў жніўні 1902 г. на хутары Жардзечна каля вёскі Запруды (зараз Кобрынскі раён Берасцейскай вобласці). У лютым 1941 г. яго арыштавалі і накіравалі ў лагер ГУЛАГу ў Свярдлоўскай вобласці. У 1942 г. беларус аказаўся ў Арміі Андэрса і ў яе складзе ўдзельнічаў у баях з нацыстамі ў Італіі. У 1948 г. Нічыпарук паехаў у ЗША, дзе і пражыў да самай смерці ў 1979 г. У нататках Паўла Каленікавіча, надрукаваных на машынцы на маленькіх, «амерыканскіх» аркушах паперы, ёсць усё: цяжкая сялянская праца, нечалавечыя ўмовы савецкіх турмаў і ГУЛАГу, фронт і баі з нацыстамі, расстанне з сям’ёй і жыццё ў эміграцыі. А яшчэ — вялікая настальгія па роднай Беларусі. Лёс Нічыпарука тыповы для шматлікіх беларускіх андэрсаўцаў. Шмат жаўнераў пасля вайны вярнулася ў БССР. У 1951 г. савецкія ўлады дэпартавалі гэтых людзей у Іркуцкую вобласць. Іншыя вырашалі застацца «на Захадзе». Пра гераізм беларускіх жаўнераў Другога польскага корпуса, якія мужна змагаліся супраць гітлераўскіх войскаў на Заходнім фронце, у Беларусі, на доўгі час забыліся. І толькі зараз, калі тых ветэранаў Другой сусветнай ужо няма з намі, праўда пра іх жыццё і выпрабаванні, праз якія яны прайшлі, становіцца здабыткам беларускай грамадскасці.

Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў 1989 г. з рукапісам успамінаў гэтага чалавека азнаёміўся знакаміты беларускі пісьменнік, удзельнік Другой сусветнай вайны Васіль Быкаў. «Я прачытаў Вашыя мемуары. Несумненна, яны заслугоўваюць увагі. Трэба іх выдаць. Дзеля гэтага Вам трэба звярнуцца ў выдавецтва ў Мінску ці ў Маскве (напрыклад, у выдавецтва «Беларусь»), якое выдае падобнага кшталту літаратуру, і прадставіць туды два экзэмпляры рукапісу. Справа гэтая працяглая, таму трэба пачынаць не губляючы часу. Жадаю Вам поспехаў!», — пісаў Васіль Уладзіміравіч сваяку Нічыпарука. Аднак тады мемуары беларуса так і не ўбачылі свет.
Крыніца: Наша Ніва


Водгукі


 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Рэжым працы:

    Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 66.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

    Дастаўка па Мінску:
    Штодзённа з 17:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)

  • Пішыце нам: