Гэтая вершаваная кніга для дзяцей і падлеткаў вучыць бачыць у зусім звычайных з’явах зусім незвычайнае. Уладзімір Несцяровіч спрабуе паказаць тое, што непадуладна звычайнаму воку… Прыгодніцкая паэма “Эпоха русалкі” прысвечана той сіле, што фарміруе ў чалавеку сталасць. Калі ў пачатку твора юныя Алесь і Пятрусь гатовы наіўна і бесклапотна ганяцца за качанятамі, у далейшым, падчас іх доўгага і небяспечнага падарожжа, ім прыйдзецца ўпершыню самастойна прымаць дзёрзкія, смелыя рашэнні ў безвыходных абставінах і такім чынам атрымаць сваю долю жыццёвай мудрасці, такой неабходнай кожнаму з нас.
У вершаванай серыі ты міжволі па-свойму пасябруеш з кожным з дванаццаці месяцаў, адчуеш непаўторнае хараство любой пары года або стану надвор’я. Гэтая серыя, як і кожны з прапанаваных аўтарам асобных вершаў, абавязкова не пакіне цябе раўнадушным, бо, чытаючы іх, ты ўласна адчуеш, як напятыя струны тваёй душы загучаць на ўсе лады.
Уладзімір Несцяровіч — мастак, выкладчык, паэт і пісьменнік. Нарадзіўся і вырас у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці. Пачынаў сваю працоўную біяграфію токарам. Потым скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, факультэт журналістыкі БДУ. Значную частку свайго жыцця прысвяціў журналістыцы, працуючы ў СМІ. Адначасова займаецца і латаратурнай дзейнасцю.