

Рабіндранат Тагор (1861–1941) – індыйскі паэт, драматург, філосаф, мастак, кампазітар, грамадскі і палітычны дзеяч. Пісаў на бенгалі. У 1912 годзе, плывучы параходам у Вялікабрытанію, перастварыў зборнік сваіх ахвярных песнаспеваў («Гітанджалі») на англійскай мове, і ў тым самым годзе яны былі выдадзеныя ў Лондане. А ўжо ў 1913 годзе Р. Тагор стаў першым нееўрапейцам-лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры.
Пераклад з ангельскай Алеся Разанава.
Жанр | Паэзія |
Выдавецтва | Зміцер Колас |
Год выдання | 2018 |
Вокладка | мяккая |
Памеры | 107х146 мм |
Колькасць старонак | 120 |
ISBN | 978-985-7164-93-6 |
Зборнік вершаў бенгальскага паэта Рабіндраната Тагора. Дарэчы, менавіта гэты зборнік стаў нагодай да ўручэння літаратару Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў 1913 годзе.
***
Паміж дзвюх краін прайшло і жыццё Рабіндраната Тагора, чый беларускамоўны зборнік «Гітанджалі. Ахвярныя песнаспевы» з’явіўся ў серыі кніг «Паэты планеты». Назва серыі вельмі пасуе гэтаму аўтару: ён шмат падарожнічаў і шмат увагі ўдзяляў асобе чалавека. На радзіме яго вершы настолькі папулярныя ў простых людзей, што часта ўспрымаюцца як народныя: нездарма менавіта вершы Тагора зрабілі гімнамі. У той час, як індыйцы ўсхвалялі свайго Песняра, заходнія чытачы не маглі ў поўнай меры спасцігнуць яго творчасці: мноства ранніх работ паэта не пераклалі, а перапрацаваныя творы часам гублялі сэнс і прыгажосць з-за дрэннай працы перакладчыкаў. Хто ведае, які лёс меў бы найбольш вядомы зборнік духоўнай паэзіі «Гітанджалі», калі б Рабіндранат Тагор не перастварыў частку вершаў на англійскую мову самастойна?
Перад нашым стагоддзем такая праблема больш не паўстае: творчасць Рабіндраната Тагора перакладзеная не толькі на англійскую, але і на рускую, нямецкую, іспанскую ды іншыя еўрапейскія мовы. Перакладаць яго спадчыну для суайчыннікаў у розныя часы браліся і народны паэт Беларусі Якуб Колас, і вядомы чэшскі індолаг Вінцэнц Лесны, і французскі пісьменнік і нобелеўскі лаўрэат Андрэ Жыд, і расійская паэтэса Ганна Ахматава, і нават прэм’ер-міністр Турцыі Бюлент Эджэвіт. Дзякуючы працы айчыннага паэта Алеся Разанава, з сусветна вядомым зборнікам «Гітанджалі», які лічаць пярлінай творчасці выбітнага індыйца, цяпер можна пазнаёміцца і па-беларуску.
Варта зазначыць, што засваенне мастацкай спадчыны славутага класіка індыйскай літаратуры пачалося ў Беларусі яшчэ ў 1920-я гады. Сярод першых перакладчыкаў Р. Тагора – і народны паэт Беларусі Якуб Колас. У 1926 годзе класік беларускай літаратуры надрукаваў у пятым нумары часопіса “Чырвоны сейбіт” у сваім перакладзе верш Р. Тагора “Шапнуў ён: “Мілая, ну глянь…”. І яшчэ адзін верш індыйскага паэта ў перакладзе Я. Коласа выйшаў у студзеньскім за 1927 год нумары часопіса “Полымя”. А першая кніга Рабіндраната Тагора па-беларуску – асобнае выданне апавядання-імпрэсіі “Садоўнік” ў 1927 годзе. Перакладчык – празаік, крытык, перакладчык Аркадзь Мардвілка (1905 – 1986).