• beg
  • Талстоў Аляксей. Бег

    15.00 руб.

    0

    Раман «Бег» — гэта ў першую чаргу спроба ставіць пытаньні, спроба сумнявацца. Героі кнігі – не ўпэўненыя ў будучыні, ня ведаюць, ці было нешта ў іх мінулым; ім застаецца адно сучаснасьць, нематываваны бег сярод крохкіх пэйзажаў, такіх жа самых, як і раней, толькі пазбытых сваёй грунтоўнасьці. Раман мае заблытаны сюжэт, на фоне якога падзеі падаюцца рванымі і нелягічнымі. Часам чытач можа адчуць няскончанасьць думкі. Усё гэта правакуе да роздуму над вечнымі каштоўнасьцямі і дробным існаваньнем чалавека ў гэтым сьвеце…
    Жанр Раман
    Выдавецтва Галіяфы
    Серыя Другі фронт мастацтваў
    Год выдання 2008
    Вокладка мяккая
    Памеры 125х200 мм
    Колькасць старонак 200
    ISBN 978-985-6906-05-6


    Тэгі: , .Катэгорыі: , , , .

Аляксей Талстоў — мастак, музыка, пісьменнік. Нарадзіўся ў Мінску. Граў у першай беларускай рэгі-групе «Чык-чык», супрацоўнічаў з бэндам «Алёша, гіў мі э чэнс», удзельнічаў у розных мастацкіх выставах і праектах. Аўтар выдадзеных раманаў «Бег», «Мінакі», «Валацугі», «Апоўначы на сіалімскім мосьце».

«Бегчы, каб выжыць»
тэкст: Алесь Аркуш
У беларускай культуры ўжо ёсць свой Аляксандр (Алесь) Пушкін, праўда, не паэт, а мастак. А цяпер маем і свайго Аляксея Талстова, на гэты раз таксама празаіка, які пішы раманы.
Выданне, якое разглядаецца ў рэцэнзіі: Бег: раман / Аляксей Талстоў. – Мінск : Галіяфы, 2008. – 200 с.
Аляксей Талстоў-менскі з’явіўся ў беларускай літаратуры як снег сярод ліпеня. Парадаксальна і нечакана. Адразу з раманам “Бег”, якому пакуль няма аналагаў у айчынным прыгожым пісьменстве. Раман напісаны ў жанры “плынь свядомасці”. Твор практычна не мае скразнога сюжэту. Ды і падзеі ў ім банальныя, звычайныя: паездка ў грамадскім транспарце, шпацыр па вечаровым горадзе, наведванне вечарынкі ў майстэрні знаёмага. Чытаючы раман, ловіш сябе на думцы, што аўтар нібыта прычапіў да сваёй курткі чорна-белую камеру, на ўзор камеры сачэння, і ўсё тое, што трапляе ў яе аб’ектыў, каментуе за кадрам сваім халодным, “паталагаанатамічным” голасам. “Двары, паркі, вуліцы. Людзі, людзі, людзі… колькі можна знайсці галечы ў гэтых тварах! Наколькі яны знішчаныя гэтым светам, і разам з тым, наколькі шчаслівыя яны часам бываюць! І радасць гэтая, і смех, ды і ўсялякія іншыя праявы падаюцца такімі тупымі і ідыёцкімі, што вось думаеш, так ды і даў па гэтых выстаўленых наперад крывых жоўтых зубах.” (стр. 30).
Сярод галоўных дзеючых героя рамана – горад, у якім не цяжка пазнаць Менск. І таму гэты твор яскрава ўрбаністычны – з асаблівай гарадской рытмікай апавядання, мазаічнасцю і нейкай штучнай памножанасцю – як адбіткі ў люстэрку.
Бадай, найгоршае ў рамане – яго мова. Крытык Павал Касцюкевіч пра мову Талстова сказаў наступным чынам: “звышдакладнасць вобразаў і амаль поўная адсутнасць сюжэту. Мова нясмачная, як на тройку вывучаны верш Куляшова ў школе, але ім і нам усё адно стае. Роўна на столькі, каб апісаць УСЁ ГЭТА.”
У адным з інтэрв’ю Аляксей Талстоў прызнаўся, што “гэта кніга аб няўпэўненасці. У сабе, у людзях, у наваколлі. І бег — самападман, каб прыхаваць гэтую няўпэўненасць.
Атрымліваецца, што кніга гэта – пра страчанае пакаленне, якое не паспявае за сучасным вірам жыцця, якое не бачыць і не хоча бачыць сябе задзейнічаным у гэтай бессэнсоўнай беганіне ў нікуды.
Застаецца толькі быць назіральнікам, быць з’едлівым каментатарам гэтага бязлітаснага змагання за месца пад сонцам, і ўсё часцей заўважаць імклівае падзенне і дэградацыю тых, каго павалілі на зямлю і прабегліся зверху натоўпам.
Аляксей Талстоў як бы апавядае пра сваё юначае жыццёвае адкрыццё: каб не трапіць пад абцасы натоўпу, трэба або бегчы разам з ім з той самай хуткасцю, або проста цалкам адмовіцца ад беганіны і выйсці на ўзбочыну гэтага зацятага спаборніцтва.
Вось толькі адказу на пытанне: што лепш для таго каб захавацца самім сабой? на жаль, Аляксей у рамане “Бег” не дае. Напэўна, над гэтым пытаннем ён засяродзіцца ў сваіх наступных раманах.
Крыніца: http://krytyka.by/by/page/reviews/litaratura-ahliady/1101

Водгукі


 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 47.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)

  • Пішыце нам: