На першы погляд, “Мінакі” — гэта яшчэ адна ўрбаністычная казка з даволі прадказальным канцом, напісаная, як кажуць, па ўсіх канонах жанру. Аднак дзве сюжэтныя лініі, якія рана ці позна мусяць перасекчыся і раскрыць галоўную ідэю твора, чамусьці запаволеныя. Героі ў гэтым не зацікаўленыя. Яны маладыя і асцярожныя, яны ведаюць сабе кошт і на дробязі не разменьваюцца. Кожны жыве сваім жыццём і верыць, што робіць гэта належным чынам, кожны асуджае і ненавідзіць. “Мінакі” маглі быць выдатным узорам разважання на тэму таго, што ёсць “добра”, а што ёсць “кепска”, калі б не аўтар. Падаецца, Талстоў увогуле не вагаецца. Ён выдаляе гэтую дуальнасць як нешта непрыгожае і брыдкае, а на яе месца ўпэўнена ставіць вялікі пытальнік. Складаецца ўражанне, што аўтар і шкадуе сваіх герояў, і любіць іх, але вось дапамагчы ім ніяк не можа, пакідае іх сам-насам са сваімі праблемамі на халодных гарадскіх вуліцах, аддае на міласць чытачу, разлічвае на ягонае сумленне.
Аляксей Талстоў — мастак, музыка, пісьменнік. Нарадзіўся ў 1984 г. у Мінску.
Аўтар раманаў “Бег” (2008), “Мінакі” (2012), “Валацугі” (2014).
На ягоным рахунку дзьве персанальныя мастацкія выставы – “Коміксы” (2011) у ДК «Лямора» і “Рэакцыя на чужое” (2012) у галерэі «Ў», а таксама ўдзел у шматлікіх іншых мастацкіх праектах.
Граў у першай беларускай рэгі-групе «Чык-чык», супрацоўнічаў з бэндам «Алёша, гіў мі э чэнс».
Шмат часу праводзіць у Індыі і Непале.