У кнігу ўвайшлі эсэ, напісаныя на замову Грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Таня Скарынкіна нарадзілася ў Смаргоні. І жыве ў Смаргоні. Гэты горад стаў галоўным героем Тацянінай кнігі «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі». Асаблівасці жыцця ў райцэнтры, цікавосткі малога гарадка, яго непаўторныя тыпажы – усё гэта са свету літаратуры мы перанеслі ў свет перадачы “Ногі ў рукі”. Знаёмімся з цёцяй Ядзяй, глядзім на старую бараначную, слухаем аповед пра старызніка Янкеля… З такіх маленькіх гісторый і складаецца ўрэшце рэшт гісторыя краіны.


ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ ЛІСТ АД ФІЛОСАФА ВАЛЯНЦІНА АКУДОВІЧА

Дзень добры, Таня! Дзякуй за тэксты. Мне кожны яшчэ не прачытаны, уцехай. Хаця, пэўна, ніколі не змагу ўцямна сфармуляваць, чым мяне так вабіць Ваша “матыльковае” пісьмо. Але што ёсць, то ёсць. Нгатуральна, гэта ніякія не нарысы. Нарыс — класічны журналісцкі жанр, у якім аўтар распавядае пра нейкага героя ў досыць жорстка дэтэрмінаваным фармаце. А ў Вас, пра што (ці пра кага) Вы б не казалі, заўсёды гаворка ідзе пра «сябе любімую». Дакладней, не столькі пра Вас, колькі пра свет вачыма Вашай душы (прабачце за кляксу з эпохі рамантызму). Гэта нават не антынарыс, а некуды ўбок.

Ды і ўвогуле, нават не ўяўляю, як можна ацэньваць Вашыя эсэ? Гэта як разважаць пра мятлушкі над летнім поплавам. Плёну!

Ваш Вал.


Спачатку я проста збіралася перакласці на беларускую мову ўласны нарыс пра Мілаша, напісаны для ізраільскага часопіса “Двукроп’е”. З некаторымі ўдакладненнямі, вядомая справа, але моцна не замарочвацца. І не змагла. Нецікава. І сумленна пачала чакаць натхнення, седзячы ля акна з паўлітровым слоікам журавін у цукровым сіропе. Гандлярка на маленькім базарчыку ўпэўнівала, што з Карэліі прывезла, што сама там збірала. Не ведаю, чым карэльскія журавіны лепшыя за нашыя, бо выглядаюць аднолькава і на смак не адрозніваюцца. Хіба эфект ад іх ужывання іншы. Духоўны, можа, які.

Ем. Чакаю дзеяння карэльскіх журавін. Праляцеў верталёт. Нячасты госць у нашых краях. Кожнае яго з’яўленне — маленькая падзея. Ці гэта прывід, і журавіны пачалі дзейнічаць? Не, верталёт быў сапраўдны. Бо каты галовы пазадзіралі, і суседка, якая іх карміла за домам, таксама азірнулася на нязвыклы шум.

Тут я і адчула ўнутраны штуршок. Значыць, рухаюся ў патрэбным напрамку. Кінула есці, бо ўжо аскома пачалася, ды і верталёт схаваўся за гародамі. Наўздагад уключыла кіно. Гляджу і адчуваю, як недзе ў нетрах сэрца быццам свярбіць ад хуткага прасвятлення. Ці гэта цяпер, пасля таго як адбылося тое, што адбылося, мне падаецца нібыта я ведала наперад, што ў фільме Тоні Скота “Сапраўднае каханне” (True Romance) па сцэнары Квэнціна Таранціна, я ўбачу ідэальнае ўвасабленне свайго ўлюбёнага паэта. Менавіта так, як хацела, каб выглядаў ідэальны настаўнік-бацька-дарадца. Гэта ў стужцы з’явіўся дух Элвіса Прэслі, які ў цяжкія хвіліны прыходзіў да галоўнага героя (Крысціяна Слэйтэра), ззяючы касцюмам залатым. Пахлопваў апекаванца рукой, сцяжэлай ад масіўных пярсцёнкаў, і падтрымліваў заўжды аднымі і тымі словамі. Вялікімі словамі, лічу:

— Ты ўсё робіш правільна! Ты шчасліўчык — быў, ёсць і будзеш!

Нешта такое я перыядычна (так мне падаецца) адчуваю з боку неўміручага для мяне Мілаша. І ўжо даўно. Які верш ні вазьму, у кожным простымі словамі дасціпна сфармуляваная глыбокая думка, якая толькі пачынала нараджацца у маёй галаве. Я толькі падумаю, а ў яго ўжо во — бяры і карыстайся:

Я заўсёды марыў аб нейкай ёмістай форме,

што была б не занадта паэзія, не занадта проза

і дазваляла б спавядацца, не выракаючы нікога,

ні аўтара, ні чытача, на непатрэбныя пакуты.

“ARS POETICA?”

Калі я не мог без алкаголю, трымаўся на алкаголі.

Калі не мог без цыгарэт і кавы, трымаўся на цыгарэтах і каве.

Смелым быў. Працаздольным. Быў прыкладам.

Але навошта гэта патрэбна?

“Я ПАДОЎГУ СПЛЮ І ЧЫТАЮ ФАМУ АКВІНСКАГА”

“Не ўлюбляйся ў краіну: здольная з мапы знікнуць.

Ні тым больш у горад: схільны ляжаць у руінах.

Не купляй сувеніры. З тваіх шуфлядаў

можа падняцца дым, у якім ты задыхнешся”.

“ДЗІЦЯ ЕЎРОПЫ”

Але аднойчы мне падалося, што адной маральнай падтрымкі мала. Маладая была, нястрыманая і падалася ў Кракаў. Шукаць сапраўднага, тады яшчэ жывога Мілаша. Каб упэўніцца, што ён насамрэч ідэальны, напэўна…

Пазычыла грошай у калегі па мясцовай прыватнай газеце. Добра памятаю: 150 даляраў. Прасіла 200, але ў яго не было. Па дарозе зрабіла прыпынак ў мамінага стрыечнага брата Стаха. Іхныя з жонкай твары перакасіла, калі я без запрашэння (а старыя палякі не любяць неспадзяванак) з’явілася на ганку іх варшаўскай кватэры. Адразу, каб не было недамовак, абвясціла:

— Не хвалюйцеся! Заўтра на ранку паеду да Кракава.

— Грошы маеш? — слушна запытаўся дзядзя. Мяркуючы па маім раптоўным прыездзе, ён не быў упэўнены, што ў мяне усё ў парадку з галавой.

— Маю!

— Колькі?

Я адказала.

— І я к ты збіраешся падарожнічаць на гэтыя пянёндзы? І дзе ты там збіраешся мешкаць?

— Не ведаю. Але нешта будзе. Я чамусьці адчуваю, што ўсё складзецца добра.

Цёця пацягнула мужа ў суседні пакой, каб я не пачула, які менавіта адказ ледзь не сарваўся з разгневаных вуснаў дзядзі на маё “добра”. Затое выдатна было чуваць, як цёця гучна прашыпела:

— Дай ёй грошай!

— А пра што яна думала, калі ехала?

— Дай грошы!

— Здаецца, дарослы чалавек, — пачаў крыху супакойвацца дзядзя.

— Дай жа, кажу.

Выйшлі пасміхаючыся. Яны насамрэч добрыя людзі былі. Дзядзя даў грошы, купіў білет на аўтобус да Кракава, цёця спакавала поўную торбу ежы. Па дарозе на аўтавакзал мы з дзядзем зайшліся ў кнігарню, і ён нават прапанаваў мне выбраць кніжку. “Вар’яты любяць чытаць, гэта дапамагае ім супакойвацца”, — яскрава паказваў дзядзькаў твар. Канечне, мы купілі Мілаша. Яго на той час свежую кніжку “Другая прастора” (Druga przestrzeń). І я накіравалася ў горад паэта. Памятаю па дарозе, у мястэчку з дзіўнай назвай Радам, на вуліцы да мяне прычапіўся сівы паляк, і калі я выходзіла з грамадскай прыбіральні, прыціснуў да сцяны:

— Пойдзем жыць да мяне! Усё будзе ў цябе. Я так люблю рускіх дзяўчат!

Гэтая сустрэча азначала адно — рух выбраны правільны, калі бесы атакуюць так адкрыта. Чуць адбілася ад тэмпераментнага казла, прабачце, кавалера.

У Кракаве я пыталася ў людзей, якія, як мне здавалася, мелі нейкую цікавасць ці дачыненне да літаратуры:

— А вы не ведаеце, дзе жыве Чэслаў Мілаш?

Калі нядаўна я расказала пра гэта пісьменніку Ігару Бабкову, а Ігар меў шчасце пабачыць і нават пагаварыць з Мілашам, ён засмяяўся:

— Што, так і пыталася?

— А як яшчэ?

— І знайшла?

— Не. Але было мне ўяўленне, якое слова ў слова адбывалася як у вершы Мілаша:

“W KRAKOWE”

Na granicy świata i zaświatów, w Krakowie,
Tup tup po wytartych flizach kościołów,
Pokolenie za pokoleniem.

На мяжы зямнога свету і нябеснага ў Кракове

туп-туп па сцёртых плітах касцёлаў

пакаленне за пакаленнем.

Дык вось крыху пра галоўную чароўную падзею, якая здарылася ў Кракаве, дзякуючы ці то кніжцы, якую пастаянна цягала з сабой, ці то магутнаму жаданню наблізіцца да галоўнага паэта жыцця, але калі я з раніцы зайшлася ў кафедральны сабор на Вавельскім узгорку, які разам з каралеўскім замкам складаюць галоўную славутасць горада, а можа, і Польшчы, на мяне звалілася гэтае дзіва, гэтае ўяўленне. Яны — пакаленні — незлічона ішлі, дакладней, плылі. Нібы хвалі. І яны наслойваліся адно на адно, як слюдзяныя.. Шаркалі нагамі. І калі я ўвечары трапіла выпадкова на верш пра іх, то зразумела, што наша з Мілашам сустрэча адбылася. Тым больш добрая полька, з якой я пазнаёмілася ў кавярні пасля таго як выйшла на сонцапёк з прахалоднага сабора, даведаўшыся, чаго я прыехала, ні кроплі не здзівілася. А наадварот, супакоіла: “ Так. Мілаш цяпер жыве ў Кракаве, бо калісьці ў Амерыцы і Францыі “мешкаў”. Але, на жаль, нікога не прымае”. Хутчэй за ўсё яна падманула, каб супакоіць. Добра, што санітараў не выклікала. І нават шакаладам пачаставала.

Калі я, бязмежна задаволеная вандроўкай, вярнулася ў Варшаву да дзядзі, дзядзя ўжо не абураўся, а пакорліва адвёў на цягнік да Мінска і нават купіў самы дарагі спальны квіток. Шкада толькі, што праваднік уначы пачуй пах гарэлага, і ўсіх перавялі ў плацкарты. Ды мы з нейкім маладзёнам усю ноч піва ў тамбуры пілі, дык без розніцы…

У Ігара ж Бабкова я хацела даведацца: які ён, Мілаш, чыста вонкава — высокі? Мне заўсёды ўяўляўся Мілаш, нібы велікан казачны. І абавязкова ў залатым касцюме, як Элвіс.

— Звычайны. Сярэдняга росту.

— А голас?

— Паслухай на юцьюбе…

Я паслухала. І вы, калі хочаце.

Голас як голас. Нічога асаблівага. Не Элвіс Прэслі. Але як раскрываю “Другую прастору”, набытую ў Польшчы ў спякотным 30-гадовым чэрвені, дык уся яна адразу нібы гучыць у руках. Я кожны дзень, калі папраўдзе, чытаю яе пакрысе. У прыбіральні, калі зусім папраўдзе, яна ляжыць. Польскую такім няхітрым спосабам вывучаю. Знаёмыя пытаюцца:

— Для карты паляка вучыш?

І здзіўляюцца, калі чуюць: не. Я вось, напрыклад, мілашаўскі раман “Даліна Ісы” мару ў арыгінале пачытаць. Бо адзін толькі абзац адтуль, перакладзены на беларускую для грувасткага фаліянта “Мілаш. Біяграфія” Анджэя Франашка, які мне падаравала добрая, шчодрая дзяўчына і перакладчыца Алена Пятровіч, аж да марозу па скуры крануў:

“Калі ён быў зусім маленькі, яго саджалі на мядзведжае футра, і тады — ніякага клопату, бо ён падымаў рукі, каб не дакранацца да калматай жывёліны, і гэтак нерухомеў, напалову ў жаху, напалову ў захапленні”.

На гэтым можна было б і скончыць , але дараскажу пра прыгоду даўнюю раз і назаўсёды: праз некалькі месяцаў пасля вандроўкі трапляю на сустрэчу з рэжысёрам Кшыштафам Занусі. Гэта не чалавек, а само зачараванне. Калі хто аднойчы бачыў яго, дык пацвердзіць. Пасля сустрэчы і прагляду фільма, які ён прывозіў, я рушыла па аўтограф. І зусім “выпадкова” ў мяне для подпісу была толькі “Другая прастора”. Як жа ўзрадаваўся пан Кшыштаф, убачыўшы кнігу польскіх вершаў. Мы з ім паразмаўлялі, як сябры. Занусі ўмее па-расійску, калі што. І кніжку ён падпісаў наступным чынам:

“З гонарам за Мілоша!”

У тым сэнсе, што ўзяў на сябе адказнасць чужую кніжку падпісаць.

Пра кракаўскую вандроўку я напісала ў нашу газету і на прапанову сяброўкі-паланісткі нават даслала артыкул на журналісцкі конкурс Ежы Гедройца, заняўшы трэцяе месца і прэмію ў 150 даляраў. Такім чынам грошы, патрачаныя на Польшчу, вярнуліся чароўным чынам. Але пра галоўную мэту паездкі — пошукі Мілаша — там не было ні слова. О, маладушша! Кампенсую.

Крыніца


Водгукі


 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Рэжым працы:

    Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 47.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)

  • Пішыце нам: