

Паэзія, проза, эсэ вядомага беларускага паэта і кінадакументаліста Уладзіміра Мароза ў трох тамах. Серыя «Кнігарня пісьменніка».
Агульны наклад — 80 камплектаў
Жанр | Вершы, паэма, аповеды жыцця, эсэ, мініяцюры і інш. |
Выдавецтва | Галіяфы |
Год выдання | 2018 |
Колькасць старонак | 420; 428; 452 |
Вокладка | цвёрдая |
Памеры | 127×200 мм |
ISBN | 978-985-7140-93-0 |
Другога не дадзена
Паэзія: вершы, паэма, евангельскія згадкі
Першы том “Выбранага” складае паэзія Уладзіміра Мароза, адметная старонка яго творчасці. Ва ўсіх дзевяці кнігах, з якіх прадстаўнены вершы, творца з сялянскай зацятасцю, дбайна ўзрабляе свой абшар, які для яго ёсць непадзельна Беларусь, радзінны хутар, каханне й сям’я, шлях да храма. Паэт ідзе горнымі і дольнімі шляхамі Святой Зямлі і сваёй роднай Беларусі, прамаўляе да чытача з адметнай ліра-эпічнай інтанацыяй, гранічна шчыра, філасофскі заглыблена. Спрадвечная тэма кахання ў творах паэта ёсць адбітак уласнага жыцця, сагрэтага цеплынёю любові. Вершы прасякнуты верай у перамогу дабра над злом, святла над цемрай, вылучаюцца пачуццёвай безабароннасцю, пранікнёнай лірычнасцю.
Тры сшыткі
Проза: аповеды жыцця
Другі том “Выбранага” складаюць празаічныя тэксты Уладзіміра Мароза. Проза вядомага беларускага паэта і кінадакументаліста своеасаблівая, адметная. Вызначаны жанр “аповеды жыцця” невыпадковы – апавяданні пабудаваныя на рэальных жыццёвых сітуацыях, сустрэчах і падзеях, якімі багата прыватнае, літаратурнае і кінематаграфічнае жыццё аўтара. Адначасна тэксты выходзяць за межы аўтабіяграфічнасці, экзістэнцыйнасці быцця канкрэтнага асобнага чалавека ў сучасным свеце – у творах праяўлены яскравы адбітак часу, яны напоўнены роздумам аб сэнсе чалавечага існавання на зямлі, аб спрадвечнай барацьбе дабра і зла. Шмат якія сітуацыі чытач зможа прымерыць на сябе, знайсці сугучча свайму эмацыйнаму стану, думкам і развагам.
Беларускі мур
Эсэ: эсэ, жыццяроздумы, мініяцюры
Трэці том “Выбранага” складаюць эсэістычныя тэксты Уладзіміра Мароза. Гэта вобразнае асэнсаванне падзей далёкіх і недалёкіх часоў, памкненняў людскіх і крыжовага беларускага шляху. Цэнтральнае месца займае эсэ “Беларускі шлях. Звенчакі айчыннай гісторыі”, дзе ў кароткіх аповедах аб гістарычным шляху Беларусі як суб’екта гісторыі за адлік узяты натуральны крутабег часу – стагоддзі. Паглыбленым роздумам аб вечных пытаннях быцця і існавання чалавека на зямлі вылучаюцца жыццяроздумы аўтара і эсэ як аб гістарычных асобах, так і аб нашых сучасніках. Шэраг твораў (кінаэсэ) ёсць літаратурнай асновай створаных дакументальных фільмаў. Тэкст “Ніву ўзарэ араты” ўяўляе сабой мініяцюры – фрагменты тэкстаў дакументальных фільмаў.