Пачатковую адукацыю, у тым ліку і музычную, атрымала ад бацькоў, а ў 1904 паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча Л. Валадкевіч у Кіеве. У 1905 жыла ў Луцку на Валыні. Пасля смерці бацькі ў 1908 пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі (па іншых крыніцах — маёнтак Крыштапарова) Сакольскага павета. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая мясцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Гродне (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914).
3 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярлелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэце, у Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Беларускай сацыялістычнай грамадзе. У тым жа годзе пазнаёмілася з Фабіянам Шантырам, які быў на 5 гадоў старэйшым за яе. У іх завязаліся рамантычныя адносіны. Фабіян жыў у Бабруйску, але часта наведваўся ў Мінск. Ён удзельнічаў у рабоце клуба «Беларуская хатка» ў 1916—1917 і быў актыўна залучаны ў грамадскім жыцці. Зоська таксама наведвала яго ў Бабруйску, нават пасля арышта Фабіяна, які адбыўся ў 1918 годзе, у выніку чаго Шантыр апынуўся ў Бабруйскай крэпасной турме. У сваіх пісьмах і ўспамінах З. Верас называе Ф. Шантыра мужам, але распісацца ім не склалася. У лісце да Ванды Лявіцкай Зоська ўскладае віну за гэта на Р. А. Зямкевіча, які, па яе словах, узвёў паклёп на яе ў вачах Ф. Шантыра.
У канцы 1918 г. З. Верас пакідае Мінск з прычыны хваробы маці і вяртаецца ў маёнтак дзеда — Альхоўнікі. У 1919 г. у Зоські Верас нарадзіўся сын Антон, яго бацька Фабіян Шантыр быў расстраляны ў 1920 г. Жывучы ў Альхоўніках, Людвіка Антонаўна пісала вершы, прысвечаныя найчасцей малому сыночку. У 1922 г. Людвікін дзед памёр, і маёнтак давялося прадаць.
У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з А. Войцікам пабудавалі прасторную хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай так, як гэта рабілася ва Украіне У 1926 г. Зоська Верас выйшла замуж за Антона Войціка, маладыя павянчаліся ў Віленскім Касцёле Святога Мікалая. У гэтым шлюбе 1 ліпеня 1927 нарадзілася дачка Галіна Антонаўна Войцік, па мужу Луцкевіч.
У 1924—1929 гг. працавала адміністратарам рэдакцыі газет Беларускай сялянска-рабочай грамады, у 1927—1931 гг. — рэдактар дзіцячага часопіса «Заранка», пісала для яго апавяданні, а ў 1934—1935 гг. — дзіцячага часопіса «Пралескі», у 1928—1939 гг. — старшыня Беларускага кааператыўнага таварыства «Пчала», адначасова (1934—1938) — рэдактар пчалярскага часопіса «Беларуская борць» (Вільня). У 1924 годзе выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік». У слоўнік увайшлі 302 расліны, якія мелі 424 беларускія назвы. Гэта быў першы беларускі слоўнік такога тыпу. З 1928 года займае пасаду старшыні Беларускага кааператыўнага таварыства «Пчала». У 1935 годзе таварыства «Пчала» арганізуе завочныя курсы па збору медадайна-лекарскіх i лекарскіх зёлак. Гэтыя курсы апрацоўвала ўдваіх са студэнтам-медыкам В. Тумашам.
У 1946 годзе Антона Шантыра арыштавалі і асудзілі. Ні маці, ні сястра не ведалі, дзе знаходзіцца Антон і што з ім. Пасля таго, як у 1944 г. была закрыта Віленская беларуская гімназія, у 1945 г. ліквідаваны Беларускі музей імя І. Луцкевіча, а ў 1948 г. раптоўна памёр муж, у жыцці пісьменніцы наступіў цяжкі перыяд, які пазней яна звала «летаргічным сном». У 1956 г. Антон нечакана вярнуўся дамоў са сталінаўскіх лагераў, цяжка хворы: 10 гадоў ён быў пазбаўлены права ліставацца з маці.
Толькі ў 1961 г. Зоська Верас была «адкрытая» Арсенем Лісам, які збіраў у вільнюскіх архівах матэрыял для сваёй дысертацыі, пасля гэтага яе пачалі наведваць пісьменнікі, навукоўцы, журналісты, студэнты. У канцы 1980-х вакол Зоські Верас гуртавалася беларуская інтэлігенцыя Вільнюса. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1982).
Памёрла ў 1991 г., пахавана на Панарскіх могілках побач з магіламі маці, мужа і сына.

Водгукі


Чытач
Ikar
Январь 5, 2018

Было б добра, каб у «Выходныя дадзеныя» дадалі шчэ і вагу — гэта пажаданне-просьба і па-эўрапейску!!! З НГ!

 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Рэжым працы:

    Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 47.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)

  • Пішыце нам: