• Вітаўт Кіпель. Жыць і дзеіць: успаміны

    5.80 руб.

    1

    У кнізе ўспамінаў «Жыць і дзеіць» адзін зь вядучых дзеячоў беларускай эміграцыі доктар Вітаўт Кіпель прыгадвае сваё дзяцінства ў Менску і ў расейскай высылцы, юнацтва ў акупаваным Менску, маладосьць у Нямеччыне і Бэльгіі і сталае жыццё ў Злучаных Штатах — амаль стагодзьдзе беларускай гісторыі, дзе аўтар, чалавек незвычайнага лёсу, быў у гушчы падзеяў палітычнага, грамадзкага і культурнага жыцьця.
    Адрасуецца ўсім, хто цікавіцца пытаннямі гісторыі, культуры і арганізацыі жыцьця беларускай дыяспары за мяжой.

    Жанр Успаміны
    Выдавецтва Зміцер Колас
    Год выдання 2015
    Колькасць старонак 442 с., [29 л.] іл.
    Вокладка цвёрдая
    Памеры 145×220 мм
    ISBN 978-985-6992-68-4

    Тэгі: , , , , , .Катэгорыі: , , , , .

Шыкоўная мемуарная кніга ад унікальнага кніжніка, 90-гадовага Вітаўта Кіпеля. Ён памятае, як было ў Менску ў 1920-я. Ён памятае, як забіралі па справе СВБ. Як жылося дзецям “ворагаў народа” ў 1930-я. Дзе тусаваліся падлеткі ў Мінску ў 1943-м. Кіраваў беларускімі скаўтамі ў лагерах бежанцаў. Працаваў на 5-й авеню ў Нью-Ёрку. Размаўляў з чатырма прэзідэнтамі ЗША. Увогуле – ёсць што пачытаць у кніжцы.
Ціхан Чарнякевіч

Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 мая 1927 года ў мінскай інтэлігенцкай сям’і. Бацька Яўхім Кіпель, былы вайсковец, быў удзельнікам Тэрміналагічнай камісіі Наркамата асветы, супрацоўнікам Інбелкульту. Маці Марыя Зубкоўская спявала ў хоры Шырмы, вучылася і працавала настаўніцай. Спакойнае жыццё сям’і перавярнуў 1930 год, калі Яўхім Кіпель быў арыштаваны па справе Саюза вызвалення Беларусі і высланы на пяць гадоў у Вяцкую вобласць. Скончыўшы БДУ, следам за мужам паехала і Марыя з малым сынам Вітаўтам. Толькі ў 1942 г. сям’я змагла вярнуцца ў Мінск, каб праз два гады назаўсёды пакінуць Бацькаўшчыну.

Другую палову 1940-х гадоў Вітаўт Кіпель правёў у лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Тут скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы, актыўна займаўся скаўтынгам, паступіў на медыцынскі факультэт Цюбінгенскага ўніверсітэта.

Аднак ад пачатку 1950-х беларуская моладзь з ліку бежанцаў атрымала магчымасць навучання ў Каталіцкім універсітэце бельгійскага Лювена, і Вітаўт Кіпель скарыстаўся з гэтага. У 1953 г. ён скончыў гэты ўніверсітэт са спецыяльнасцю геолага, а ў 1955 г. атрымаў ступень доктара мінералогіі. Адначасова з вучобаю Вітаўт Кіпель займаўся грамадскай дзейнасцю, асабліва ў Саюзе беларусаў Бельгіі, дзе быў абраны намеснікам старшыні.

І ў Германіі, і ў Бельгіі побач з Вітаўтам Кіпелем была верная сяброўка Зора Савёнак, таксама дачка рэпрэсаванага дзеяча, журналіста Лявона Савёнка і настаўніцы і аўтаркі «Беларускага лемантара» Апалоніі Савёнак. Зора ў 1954 г. скончыла хімічны факультэт Лювенскага ўніверсітэта са ступенню магістра. У 1956 г., ужо пасля пераезду на сталае жыхарства ў ЗША, пара пабралася шлюбам. А ў хуткім часе з’явіліся дзеці: дачка Алеся і сын Юрка, што, як і бацькі, хутка сталі актыўнымі ўдзельнікамі беларускага жыцця ў ЗША.

Пачынаць на новым месцы было не асабліва лёгка. Вітаўт Кіпель працаваў у розных навукова-вытворчых фірмах, у Балтымарскім універсітэце (штат Мэрыленд). Толькі ў 1959 годзе ён уладкаваўся на працу, дзе заставаўся на дзесяцігоддзі, да 1985 года, — у Даследчым цэнтры навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі. Тут ён працаваў у тым ліку і на пасадзе выканаўчага дырэктара. Дзеля новай працы давялося атрымаць яшчэ адну адукацыю — бібліятэкарскую. Нью-Ёркская публічная дала таксама магчымасць збіраць матэрыялы для ці не галоўнай кнігі Вітаўта Кіпеля — даследавання «Беларусы ў ЗША».

Вітаўт Кіпель згадваў, што ідэя напісаць гэтую кнігу ўзнікла ў яго ад самага прыезду ў ЗША: «Гэта былі Каталіцкія Каляды 1955 года. Праз дзень ці два я пайшоў зарэгістравацца ў бюракратычныя амерыканскія ўстановы і зразумеў, што чыноўнікі нічога не ведаюць пра беларусаў. Тады я скіраваўся ў бібліятэку, каб там нешта знайсці апублікаванае пра амерыканскіх беларусаў, і нічога не знайшоў. І я вырашыў, што трэба зрабіць адмысловую кнігу». Кніга пісалася паанглійску, бо разлічана была найперш на амерыканцаў, каб паказаць ім, што побач ёсць беларусы. Аднак на пачатку 1990-х з’явілася магчымасць перакласці машынапіс і выдаць працу ў Мінску. У выніку ў 1993 годзе пабачыла свет першае беларускае выданне «Беларусаў у ЗША». Толькі праз гады, у 1999-м, кніга выйшла і ў амерыканскім выдавецтве, а сёлета, пад 90-гадовы юбілей аўтара, у Мінску з’явілася і другое, дапрацаванае і дапоўненае выданне.

«Беларусы ў ЗША», напэўна, — самая вядомая кніга Вітаўта Кіпеля ў Беларусі. Аднак далёка не адзіная. Ён багата пісаў пра амерыканскіх беларусаў, і не толькі. Можна згадаць, што яшчэ ў 1982 годзе пабачыла свет яго англамоўная кніга «Амерыканскія беларусы і іх грамада ў Кліўлендзе» («Byelorussian-Americans and Th eir Community in Cleveland»). У 1985 годзе выйшла ўкладзеная Зорай і Вітаўтам Кіпелямі вялікая бібліяграфія «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе», у 1988 годзе — іх жа «Беларуская дзяржаўнасць. Хрэстаматыя і бібліяграфія = Byelorussian Statehood. Reader and Bibliography». У 2002 годзе пабачыла свет створаная Вітаўтам Кіпелем і Змітром Саўкам яшчэ адна бібліяграфія «Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі». Бібліяграфічнай працай Вітаўт Кіпель разам з жонкаю Зорай займаліся цягам усяго амерыканскага жыцця. Яны сабралі каласальную калекцыю беларускіх выданняў на Захадзе, на падставе якой паўстала найгрунтоўнейшая бібліяграфія «Беларускі друк на Захадзе», якая на сёння вытрымала ўжо два выданні. Большая частка ўлічаных у ёй каля чатырох тысяч паасобных друкаў і сотні перыёдык, сабраныя Кіпелямі, былі перададзеныя ў Нью-Ёркскую публічную бібліятэку як асобная калекцыя.

Падрыхтоўка, выданне і пашырэнне беларускіх кніг былі справай жыцця Вітаўта і Зоры Кіпеляў, часткай іх дзейнасці ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, дырэктарам якога Вітаўт стаў ад 1982 года і застаецца да сёння.

Па-за тым, Кіпелі заўсёды займаліся актыўнай беларускай грамадскай працай: арганізоўвалі імпрэзы, выстаўкі, фестывалі, дзіцячыя летнікі. Прадстаўлялі Беларусь і беларусаў перад амерыканцамі.

Ад 1970-х гадоў з той жа мэтай рэпрэзентацыі беларусаў Вітаўт Кіпель актыўна заангажаваўся ў амерыканскі рэспубліканскі рух. У 1972 — 1982 гадах ён быў старшынёй Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў. У 1974-м Кіпель абраны старшынёй Рэспубліканскай федэрацыі штата Нью-Джэрсі. У гэты ж час ён стаў рэдактарам газеты нью-джэрсійскіх рэспубліканцаў «Herіtage Revіew» («Агляд спадчыны»). А ў 1978 — 1982 гадах — старшынёй Этнічнай рады штата Нью-Джэрсі. За сваю дзейнасць у справе развіцця этнічных супольнасцей ЗША ў 1975 годзе Вітаўт Кіпель быў узнагароджаны мэдалём Паняволеных народаў Эйзенхаўэра.

Як толькі з’явілася магчымасць, ад пачатку 1990-х гадоў Вітаўт і Зора Кіпелі наладзілі шчыльныя кантакты з Беларуссю. Амаль штогод цягам першага дзесяцігоддзя беларускай незалежнасці яны прыязджалі на Бацькаўшчыну, удзельнічалі ў з’ездах, кангрэсах, канферэнцыях, падтрымлівалі розныя культурніцкія ініцыятывы. Нават мелі намер на пэўны час пераехаць у Беларусь, каб дзяліцца тут сваім багатым досведам, дапамагаць у нацыянальнай працы. На жаль, краіна не была гатовая іх прыняць, хоць актыўная цікавасць да ўсяго, што адбывалася на Бацькаўшчыне, у Кіпеляў не знікла, праца па пашырэнні беларушчыны і ў Амерыцы, і ў Беларусі працягвалася. Дзякуючы Вітаўту Кіпелю ад 1990-х пачалі вяртацца на Бацькаўшчыну эміграцыйныя архівы і захаваныя замежнымі беларусамі нацыянальныя скарбы.

У 2003 годзе пайшла з жыцця Зора Кіпель, але Вітаўт не застаўся ў нацыянальна-культурнай дзейнасці зусім адзін. Яго падтрымалі дзеці і маладзейшыя калегі-супрацоўнікі як у ЗША, так і ў Беларусі. І хоць ягоная актыўнасць, натуральна, ужо абмяжоўваецца ўзростам, шчырая цікавасць да ўсяго беларускага і імкненне падтрымліваць, асабліва кніжна-выдавецкія ініцыятывы, жыве і сёння.

У 2015 годзе ў Мінску пабачыла свет кніга ўспамінаў Вітаўта Кіпеля «Жыць і дзеіць». Сёлета гэтая кніга была адзначаная дыпломам ІІ ступені прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў.
Наталля Гардзіенка

Водгукі


 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 47.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)