• Зыгмунд Мінейка. З тайгі пад Акропаль

    15.60 руб.

    0

    Успаміны «З тайгі пад Акропаль» Зыгмунда Мінейкі на беларускай мове друкуюцца ўпершыню. Яны адметныя тым, што адлюстроўваюць падзеі паўстання 1863-1864 гг., у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Аўтар праз свой уласны досвед вядзе гаворку пра падрыхтоўку да паўстання, яго удзельнікаў і падзеі… Выданне разлічана на гісторыкаў, краязнаўцаў, і ўсіх, хто цікавіцца падзеямі паўстання 1863-1864 гг. і лёсамі яго герояў.

    Укладальнне, прадмова, каментар: Марына Запартыка

    Серыя «Беларуская мемуарная бібліятэка»

    Жанр Біяграфічная проза
    Выдавецтва Лімарыус
    Укладальнне, прадмова, каментар Марына Запартыка
    Серыя Беларуская мемуарная бібліятэка
    Год выдання 2017
    Колькасць старонак 568 с.: іл.
    Вокладка цвёрдая
    Памеры 130×177 мм
    ISBN 978-985-6968-65-8


    Катэгорыі: , , , , , .

Ёсць у беларускай гісторыі і свой граф Монтэ-Крыста. Менавіта так называюць Зыгмунта Мінейку — грамадскага дзеяча, навукоўца, інжынера, вайскоўца, аднаго з удзельнікаў паўстання 1863 — 1864 гг. Яго біяграфія сапраўды дае матэрыял для не абы-якога прыгодніцкага серыяла, аднак пазнаёміцца з ёй беларускі чытач атрымаў магчымасць толькі напрыканцы мінулага года: у выдавецтве «Лімарыус» у серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» выйшаў томік успамінаў Зыгмунта Мінейкі «З тайгі пад Акропаль. Успаміны з 1848 — 1866 гадоў» (пераклад, укладанне, прадмова, каментарыі Марыны Запартыкі). Выданне падрыхтавана пры ўдзеле Польскага інстытута ў Мінску.

Польскімі гісторыкамі ўспаміны Зыгмунта Мінейкі ўжо даўно выкарыстоўваюцца як адна з крыніц інфармацыі па вывучэнні паўстання 1863 — 1864 гадоў, якое называлі «паўстаннем маладых», а ў беларускую гісторыю яно ўвайшло ўсё-ткі як паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, з дня нараджэння якога, дарэчы, сёлета споўнілася 180 гадоў.

Пра аднаго са стваральнікаў беларускай нацыянальнай ідэі існуе безліч міфаў (што для легендарнай асобы заканамерна). Згадвае яго ў сваіх мемуарах і Зыгмунт Мінейка. Праўда, разлічваць на тое, што гэта дапаможа праз смугу сентыментальна-патрыятычных міфаў дабрацца да праўды, не выпадае. Як высветліла ўкладальніца Марына Запартыка падчас працы над кнігай, ёсць у мемуарах не толькі тое, што помніцца, але і тое, што… хацелася б помніць інакш. Акрамя таго, успаміны Зыгмунт Мінейка пачаў ствараць ужо ў даволі сталым узросце, таму многае было атулена налётам настальгіі па юнацтве і родным краі. Так бы мовіць, рамантычнае, ненаўмыснае скажэнне інфармацыі.

Значна больш увагі аддадзена брату Кастуся Каліноўскага Віктару, з якім мемуарыст быў знаёмы асабіста. Праўда, памятаў яго як «ветэрана польскіх студэнтаў Пецярбурга пана Каліноўскага», чалавека, апантанага вывучэннем літоўскай мінуўшчыны (у гістарычным, а не геаграфічным значэнні гэтага слова).

Чым жа заслужыў З. Мінейка славу графа Монтэ-Крыста?

Удзел у паўстанні для яго, камандзіра нешматлікага атрада, абмежаваўся, па сутнасці, адным няўдалым боем пад Гальшанамі. Паўстанцы разбегліся, а гаспадары вясковай хаты, дзе ён папрасіў прытулку, выдалі яго ўладам. Гэтая здрада не была нечым унікальным: на жаль, такія выпадкі ёсць той часткай праўды пра паўстанне 1863 — 1864 гг., якая вельмі доўгі час замоўчвалася. Паводле многіх крыніц, Кастусь Каліноўскі, а насамрэч Канстанцін Вікенцій, які сам сябе сялянскай формай свайго імені не называў, з ідэалагічных меркаванняў быў «прызначаны» ў пачатку ХХ стагоддзя збаўцам занядбанага люду ад здзеку паноў і памешчыкаў. Менавіта таму гаварыць пра тое, што здрады прыгнечаных сялян сваім вызваліцелям былі з’явай масавай, забаранялася.

Зыгмунт Мінейка быў асуджаны да расстрэлу, але за вялікі хабар сям’і ўдалося адкупіцца, і ў выніку яго выслалі ў Сібір, на Нерчынскія руднікі. Праз некаторы час пад прозвішчам памерлага ад тыфу падчас этапу Струмілы наш герой здолеў уцячы і пасяліцца ў Томску. У 1865 годзе ён атрымаў у Пецярбургу новыя дакументы на імя барона фон Мэберта і скіраваўся ў Францыю. Пасля былі розныя гарады, розныя краіны… Больш за дваццаць гадоў Зыгмунт Мінейка знаходзіўся на тэрыторыі Асманскай імперыі, дзе працаваў інжынерам па пабудове мастоў, дарог, чыгункі. Урэшце ў 1891 годзе разам з жонкай грачанкай Празерпінай Манарыс ён апынуўся на сталым жыхарстве ў Грэцыі. Удзельнічаў у грэка-турэцкай (1897 — 1898 гг.) і балканскай (1912 — 1913 гг.) войнах. І толькі ў 1917 годзе вырашыў узяцца за напісанне мемуараў пра тыя падзеі, што засталіся на адлегласці амаль у семдзесят гадоў…

Першае выданне ўспамінаў Зыгмунта Мінейкі было ажыццёўлена ў 1971 годзе польскімі вучонымі Элегіушам Казлоўскім і Казімірам Альшанскім. Па-беларуску мемуары друкуюцца ўпершыню, і таму, безумоўна, выклічуць цікавасць філолагаў (да таго ж мемуары можа чытаць як паўнавартасны раман), гісторыкаў (нягледзячы на прафесійны спепсіс у дачыненні да ўспамінаў як крыніцы інфармацыі) і краязнаўцаў (для якіх асабліва каштоўнымі будуць згадкі пра сувязь роднага краю з канкрэтнымі гістарычнымі падзеямі).
Крыніца


Водгукі


 

Побач на паліцы:

  • ГАЛІЯФЫ

    Выдавецтва. Кнігарня

  • Рэжым працы:

    Пункт самавывазу, кнігарня:
    Крама "Галіяфы"
    Мінск, вул. Няміга, 3,
    цокальны паверх, пав. 47.
    Штодзённа з 11:00 да 20:00

  • e-mail: halijafy@halijafy.by
    +37529-1700781 (Velcom)

  • Пішыце нам: